Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

К Акула

- Пастараюся як найлепш, - абяцяў Алесь.

- Ня маю сумлеву, што будзеш намагацца. Цяпер можаш iсьцi дамоў i адпачыць. Заўтра пабачымся.

Пакiдаючы краму, Алесь прыгадаў, што добра было-бы даведацца ў сакратаркi пра тую новую дзяўчыну. Ды няхай яна пачакае. Трэба насамперш паразважаць, супакоiцца, памеркаваць пра тую новую пазыцыю, якую заўтра мае заняць.

6

Алесь жыў у паўночным прадмесьцi. У тым дзесяцiпаверхавым будынку жылi пераважна людзi зь сярэдняе вышынi заработкамi. Арэнда тут высокая. Алесяў апартамэнт меў добра ўмэбляваную сьвятлiцу, спальню, кухню й ванну з прыбiральняй. Дзьверы са сьвятлiцы выходзiлi на балькон чацьвёртага паверху. Адсюль раскрывалася велiчная панарама гораду, што цяпер рос як на дражджох.

Летнi дзень, з дробнымi хмаркамi ў вышынi, лёгкiм ветрыкам i тэмпэратурай каля сямiдзесяцi Фарэнгайта спанукаў Алеся на балькон. У кухнi нарыхтаваў сабе сёе-тое, каб "замарыць чарвяка": вiскi, ваду, лёд, алiўкi, копчаныя устрыцы, пару кавалкаў жытняга хлеба й кiслы агурок. На бальконе паставiў паднос з гэтым дабром на пераносным столiку побач крэсла-гойдаўкi. Любiў гэтае крэсла. Як хораша з кнiжкай у руцэ адпачываць цi думаць, гойдаючыся ў iм, калi намагаешся апынуцца ў iншым сьвеце чымся той, што бяз стомы наступае на цябе з усiх бакоў.

З гэтага балькону можна было назiраць хуткi рух на тэй супэрэкспрэсвэй - вялiзнай дарозе, што перасякала горад. Вочы вандруюць далей на поўдзень да вялiкага прастору цяпер шэра-сiняга возера. Там групы ветразьных лодак, магчыма ў нейкiх спартовых гонках. Налева крыху - цэнтар гораду, горб найвышэйшых будынкаў расьце ўверх i ўшыр. Зь вялiзнага лётнiшча на захадзе чуваць гул.

Якiмовiч ня думаў пра тое, што бачыў з выгаднага крэсла-гойдаўкi. Выпiў паўшклянкi вiскi зь лёдам, закусiў устрыцай з агурком i хлебам. Сяньняшнiя падзеi змусiлi яго зiрнуць у мiнулае - адкуль i як пачаў тут, у гэтым горадзе, - ды падумаць i пра будучыню.

Гады цi ня тры назад пачаў працаваць у Трыфты Тонi. Прыгадваецца душны лiпеньскi дзень. Падбiты, змучаны, смага ў горле, душнае-парнае, характэрнае ў раёне вялiкiх вазёраў Амэрыкi, - надвор'е. Зьнямога. Карцiць прылегчы дзесьцi ў цяньку пад дрэвам у парку. Спакуса! Лепш прэч, вон яе! Там бамы. Гэта мясцовыя гультаi-абiбокi, што мала чым, апроч пошукаў бутэлькi вiна й якога гат-дога, цiкавiлiся. А гэтта побач iх зладзеi, прастытуткi, наркаманы. Не, Алесю туды нельга. Ён верыць, што нейкую працу сабе абавязкова знойдзе. Ходзiць гэтак па горадзе ўжо ня першы дзень, у шматлiкiя дзьверы стукае. Бегае па многiх адрасох, што з абвестак у газэтах. Дарэмна. Ломаная ангельская мова, нiякай канкрэтнай прафэсii. Што ты хочаш у вялiкiм чужым горадзе?! Гэта ўсё пасьля таго, як адгакаў год кантракту ў пушчы на поўначы. Цяпер-жа - падбiтыя ногi, зьнямога духовая i фiзычная. Трэба шукаць сваiх. Недзе-ж яны тут ёсьць. Але тымчасам... што гэта вось тут на рагу? Гляньце, людцы мiлыя! Дзiвосы нейкiя. Падыйдзем, прыгледзiмся.

Разiнуўшы ад зьдзiўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой i ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вулiцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялiзнымi лiтарамi напiсана: