Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

К Акула

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, - Алесь ужо раней пераканаўся, - доўга крэсла на шпянi не пагрэеш. Якiмовiч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмi, абабiтымi чырвоным калiфарнiйскiм дрэвам, пачуюцца борздыя крокi, некалькi слоў мiж босам i сакратаркай, тады пакруцiцца ў дзьвярох вышлiфаваная да блеску золата ручка i перад iм зьявiцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргiчнага й заўсёды непаседлiвага ўласьнiка кампанii Трыфты Тонi.

- Галё, мой бой, як маешся! - мэталiчны голас пры стрыманай усьмешцы прывiтае Алеся. Паздароўкаюцца рукамi. - Павязло?

Тут i ня будзе часу адказаць на тое "як маешся?", бо бос ужо хоча ведаць, цi павязло. "На якiм гэта верацяне яму баба-спавiтуха пуп абразала?" - думаў цi раз пра Зэлмана Алесь.

- Крыху, - пачне сваю справаздачу наўмысна сьцiпла Алесь. Можа здарыцца, што задаволены бос i ўласьнiк крамы пасяброўску з адабрэньнем дакранецца лёгкай рукой да Алесявага пляча, пасулiць свае заўвагi адносна гандлёвага гешэфту, магчыма нават, што спытае свайго купляньнiка пра iншыя асабiстыя ўражаньнi. Пасьля Алесь, голасна падсьвiстваючы сабе, пойдзе дамоў, каб адпачыць перад новым падарожжам у нейкую iншую гандлёвую джунглю.

Гэна ўсё, уяўленае Якiмовiчам, здарыцца зараз. Цяпер-жа Давiд недзе заняты. Як пчолка ў летняй квеценi пералятае з аднае кветкi на iншую, гэтак i бос, па дарозе ў сваю кантору, намагаецца зьбiраць плёны папярэдняга дасьветчаньня, бачыць розныя дробязi, трымаць усiх i ўсё на сваiм воку. Тымчасам Алесь мае час падарожнiчаць у згадках i меркаваньнях. Думкi ягоныя пабеглi да дзяўчыны, якую спасьцярог у куце жаночае вопраткi. Яна памагала старшай жанчыне выбраць нешта патрэбнае. Дзяўчына, вiдаць, адно пачала тут працу. Алесь ведаў бальшыню працаўнiкоў, асаблiва жанчын i дзевак. Як-нiяк, Алесь-дзяцюк наглядаў сабе нейкую ўяўленую прыгажуню на будучыню. Не, ён не сумляваўся, памяць меў добрую. Тры днi назад, калi выяжджаў на чарговы рэйд, гэтай лялькi тут на было. А ўчора бос быў недзе заняты, абяцалi што сяньня ранiцай абавязкова знойдзе для яго час. Алесь меў крыху часу папахадзiць па краме, заглянуць у некаторыя куткi, пагутарыць зь людзьмi, зачарпнуць апошнiх мясцовых навiнаў. I вось тады трапiла яму на вока новая дзяўчына.

Трэба было зрабiць разьведку. Хто-ж яна такая i адкуль узялася? Прывабна-прыгожая. Хараство сьцiпласьцi: поўныя вусны без памады, валосы роскаш. Грудзi... Стан... Там сярод радоў жаночага тавару цяжка было блiжэй прыгледзецца. Вочы... У iх, магчыма, разгадка, калi блiзка ў iх заглянуць. Трэба праверыць, пазнаёмiцца безадкладна.