Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 14
Иван Прокопьевич Клименков
Пачуліся кароткія, частыя гудкі.
Бар “Зацішша” ён, канечне ж, ведаў. Не адзін вечар з Рэгінай бавілі яны там за столікам пад пальмаю, у аддаленым куце залы. Там было вельмі ўтульна. Цьмяна-бэзавае святло, што лілося зверху, рабіла ўсё загадкавым і таямнічым. I музыка тут была не гучна-крыклівая, як амаль ва ўсіх барах, а сцішаная, задушэўная. Яна раскоўвала душу, адцясняла ўсе праблемы і трывогі, пераносіла ў свет шчымлівай пяшчоты і бесклапотнасці.
“Не паеду, — кінуўшы трубку на апарат, у бяссільнай злосці падумаў ён. — Камусьці хочацца паздзекавацца, пабачыць мяне дурнем. Вядома, у бары Рэгіны няма. А нейкі падлюга будзе назіраць за мной і смяяцца..."
I адразу ж прызнаўся сабе, што не хоча ехаць туды менавіта таму, што баіцца. Баіцца неабвержнага доказу, што Рэгіна сапраўды здраджвае яму, а мо і, самае жахлівае, кахае другога. У такім выпадку гэты свет пераставаў існаваць для яго, рабіўся шчопцем шэрага попелу, у які ператвараецца спаленая, прыгожа і адмыслова зробленая стракатая цацка.
Апе ў наступнае імгненне ён убачыў той, ІХНІ, столік пад пальмаю і яе, Рэгіну, не з ім, Альбертам, а з ненавісным яму смуглявым, і яе вочы, закаханыя, адцаныя...
— Чакай жа, — міжволі помсліва выдыхнуў ён і спешна пачаў апранацца.
I дзіўна, ён зусім не адчуваў рэўнасці, а было толькі нясцерпнае жаданне пераканацца, што яна сядзіць за гэтым столікам. I, на вялікай хуткасці кіруючы машынай, ён думаў і не мог зразумець, чаму менавіта гэта выклікае ў душы такую нясцерпную крыўду, такі пякучы боль.
Ён іх заўважыў, як толькі ўвайшоў у бар. Увайшоў ён туды асцярожна, папярэдне прыадчыніўшы дзверы і зазірнуўшы ў залу.
Яны сядзелі за столікам пад пальмаю, і бэзавае святло рабіла іх твары незямнымі, фантастычнымі, быццам яны былі жыхары іншай планеты і выпадкам апынуліся на гэтай грэшнай, панылай зямлі.
Ледзь перастаўляючы ногі, ён дацёгся да незанятага століка за калонай, адкуль мог назіраць за імі і разам з тым быць незаўважаным, цяжка апусціўся ў крэсла, аглушаны пачуццём сваёй нязначнасці, мізэрнасці, усведамленнем, што ён тут лішні, непатрэбны, і не толькі тут, а наогул у гэтым жыцці. Усё, што ён рабіў, чым жыў дагэтуль, да чаго імкнуўся — дабрабыт, вядомасць — рабілася толькі для яе і ў імя яе. Усяго сябе, да самай апошняй драбніцы, з першай жа іхняй сустрэчы ён кінуў на ахвяравальны агонь, каб атрымаць яе любоў. Не прынялі багі яго ахвяры, не прынялі.
— Віншую — Рэгіна, як здалося Альберту, з цікавасцю паглядзела на яго. — Псіхічны стан твайго героя апісаны даволі праўдзіва. Сцісла і праўдзіва. I гэтае — “не прынялі багі яго ахвяры, не прынялі...” Тут крык душы.
— Так, крык душы, — пагадзіўся Альберт. — Бо ніколі Рэгіна не глядзела на яго такім адданым, такім закаханым позіркам і ніколі не свяціўся такім шчасцем яе твар. I ён, з безнадзейным адчаем, раптам, асэнсаваў, што жыццё абдзяліла яго, не даўшы самага галоўнага, што магло даць — КАХАННЯ ЖАНЧЫНЫ. Бяздумнага, бязмежнага кахання не праз твае вартасці і поспехі, а дзеля самога цябе, калі цябе любяць толькі за тое, што ты ёсць на свеце.