Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 4

Борис Саченко

Але самае страшнае было сказаць, што трэцяя частка (апошняя) нікуды не вартая як з боку мастацкага, так і палітычнага. П.Пестрак паказваў, як кіраваў Чухноўскі (культавік), як людзі ў эмдэбоўскай форме тыранілі людзей, як адусюль у Заходняй Беларусі выжываліся нацыянальныя кадры і замяняліся рускімі... Скрыган ухіліўся ад размовы, Рылько піў... Танк, прачытаўшы раман, у канцы напісаў: "Дзіч"...

Цэлыя тры гадзіны патраціў я на ўгаворы П.Пестрака. Казаў, што ён адзіны чалавек, які паказаў нам Заходнюю Беларусь. 4 кнігі "Сустрэнемся на барыкадах" — да ўз’яднання, трэба 4 і пасля ўз’яднання. 3 трэцяй "Серадзібора" варта зрабіць 3—4. Многае пашырыць, а многае і апусціць. Нельга сёння друкаваць тое, што ён напісаў. Ніхто не рашыцца...

Забраў трэцюю кнігу. Праз месяц прынёс дзве — 3 — 4. Трэцюю сяк-так надрукавалі. 4-ю зноў вярнулі — цяпер не так з ідэйнага боку не падыходзіла, як з мастацкага. I толькі пасля трэцяй ці чацвёртай дапрацоўкі надрукавалі... Пташнікаў якраз прыйшоў і даклаў сваю руку...

А праз месяц на нас з Пташнікавым у "ЛіМе" артыкул таго ж Пестрака... I, канечне, аб нашых недахопах, правільней, аб недахопах нашых твораў... Скрыган, мусіць, болей ведаў Пестрака, таму і ўхіляўся. (...)

***

Мы — не Масква. Там некалькі часопісаў, самых розных, ад самых левых да самых правых. Таму нам даводзіцца друкаваць усё — і левае, і правае. I, калі няма лепшага, нават бяздарнае, халтурнае. Часопіс з "белымі плямамі" не выйдзе, нечым трэба запоўніць старонкі.

Запаўняем...

***

Янка БРЫЛЬ. Птушкі і гнёзды. Раман.

Чытаў з асалодаю. Праўда, чакаў большага.(...) 3 Я.Брылем гаварылі ўсе, як і заўсёды, шчыра. Ён умее слухаць і ўсе заўвагі, якія, на яго думку, слушныя, заўсёды паправіць. Няслушныя ці малапераканаўчыя аспрэчвае, хоча, каб яго зразумелі.

Я гаварыў адзін, якраз перад ад’ездам у Кіеў. Дачуўся, што я еду, і знарок прыйшоў.

Многа хваліў — мову, стыль, тое, што беларус упершыню пастаўлены як роўны з роўнымі сярод іншых народаў Еўропы і выглядае ніштавата між іх, і за цікавыя думкі, погляды, дэталі...

У рамане Брыль многа расказвае і вельмі мала паказвае. Пераказ, героя не адчувае, героі блытаюцца. Не спадабалася: шмат увагі ўдзелена дружбе з кнігамі, паўтарае некаторыя свае творы, дакучаюць успаміны дзяцінства. Больш значную прычыну да вяртання дадому павінен мець галоўны герой. Параўнаў "Особняк" Фолкнера, дзе герой 45 год мучыцца на катарзе дзеля толькі таго, каб, выйшаўшы з турмы, забіць свайго брата, які не памог яму ў цяжкую хвіліну... Нейкую падобную ідэю павінен насіць у сабе і герой брылёўскага рамана — тады раман і кампазіцыйна палепшае, і наогул. Апошняе аспрэчваў, казаў, што чалавеку заўсёды хочацца дамоў. Правільна, але ж каб даць герою нешта фолкнераўскае — які б ён стаў, як бы вырас як вобраз!

Пасля Кіева, сустрэўшыся, гаварыў: "Правіў два месяцы ў Каралішчавічах. Шарахоўская сказала: раман палепшаў, дай Бог, каб паболей такіх раманаў друкавалася".

Хвала Богу, поспеху Я. Брыля я заўсёды буду рад. Я. Брыль — падзея нашай прозы. (...) Яму мы ўсе абавязаны многім — ён нас і маральна падтрымлівае, і наогул.