Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 5

Борис Саченко

Помніцца, у "ЛіМе" на маё апавяданне "Стажок сена" з'явіўся пасквіль. Я раззлаваўся, напісаў ліст у рэдакцыю. Спаткаў Я. Брыля. "Не паказвай выгляду, бо крытыкі, як сабакі: пабачаць, што ты звяртаеш на іх увагу, будуць усю дарогу брахаць..." I яшчэ: "у польскай арміі салдат мог абжалаваць загад камандзіра аб спагнанні пасля таго, як адбудзе пакаранне. Пасля некалькіх дзён чалавек ахалоджваўся і рэдка калі скардзіўся, што камандзір пакараў яго няправільна". Гэта запомнілася на ўсё жыццё. Цяпер стараюся не звяртаць увагі — добрае пра мяне пішацца ці кепскае...

***

Іван МЕЛЕЖ. Навальніца над полем (працяг "Людзей на балоце"). Раман.

І.Мележ — мой зямляк. Я не вельмі цаніў яго дагэтуль. Ранейшыя творы здаваліся надуманымі, далёкімі ад праўды.

Таму "Людзей на балоце" пачаў чытаць без асаблівай ахвоты. Першыя 20 — 40 старонак не захапілі. Сказаў нават нейкую недарэчнасць, Я.Брыль падтрымаў: "Іван можа, глядзі, скарачай". (Ён быў тады намеснікам рэдактара.) Вялюгін пасмяяўся: відаць, лепей было б, каб раман згарэў (у Мележа быў пажар на кватэры, і раман сапраўды ледзь не згарэў). Але прачытаў 100, 200, 300 старонак — Божа мой, якая проза! Пасля К.Чорнага нічога падобнага не было.

Сказаў у рэдакцыі гэта — скептычна ўспрынялі: маўляў, малады хлопец, што ён яшчэ разумее ў літаратуры. Ад Мележа ніхто не чакаў, што ён напіша што вартае.

3 Мележам гаварыў доўга — гадзіны тры. Многае мне падабалася, сёе-тое і не. Як толькі зраблю крытычную заўвагу, Мележ шапку ў ахапку — і "мне пара дадому". Я пачынаю хваліць — забывае пра дамоўку, слухае, пытае, што яшчэ я маю сказаць пра раман. I так тры гадзіны...

Пасля неяк дома ў яго быў. Слухаў кавалкі другой часткі, другога фактычна рамана. Чытаў I.Мележ, што думаюць яго героі пра калектывізацыю. Усё натуральна, жыццёва. Спытаўся, як ён лічыць, правільнай была калектывізацыя, ці нельга было абысціся без яе? (...)

100 старонак новага рамана чытаў два дні. 50 старонак смакаваў — лепш за папярэдні раман. Там месцамі была скаванасць, ненатуральнасць, тут здзіўляючая вольнасць, прастата і глыбіня. 50 астатніх старонак — пра калгас. Усё добра, натуральна, але няма першаадкрыцця, паўтор таго, што было ўжо ў другіх. Нідзе няма, што яны беларусы і ў нас таксама нешта было ў галовах, што і мы жылі не толькі чужымі думкамі, а сяды-тады думалі самі...

Пазваніў мне ў рэдакцыю. Шмат хваліў. Выказаў усе заўвагі — з Я.Брылём, І.Мележам можна гаварыць шчыра. Наконт нацыянальнага сказаў, падумае. I наогул, зойдзе, каб яшчэ пагаварыць больш грунтоўна і падрабязна.

** *

Аляксей КУЛАКОЎСКІ. Сустрэча на ростанях. Раман.

Чыталі ўтраіх — Я.Скрыган, Я.Брыль і я. Спачатку ўдваіх — Скрыган і я. Мне сёе-тое здалося падазроным у паказе вайны (штрафнога батальёна). Скрыган: "Трэба ж некаму праўду пісаць!" (ён быу тады загадчыкам аддзела). Але даў Я.Брыль. Брыль літаральна знішчыў раман. Гаварылі ўтраіх за адным сталом, папярэдне звёўшы ў адно нашы заўвагі. А.Кулакоўскі моўчкі выслухаў усё, пасля ледзь не заплакаў: "Няўжо я горшы пісьменнік, як Шамякін?" Я.Брыль: "Таму і кажам, што ты не горшы".(...) Паправіў хутка, нешта праз месяц і надрукавалі...