Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 2
Борис Саченко
Аповесць, адным словам, дрэнная, я не бачу нават магчымасці яе паправіць. Парваць ды выкінуць, каб менш было паганых твораў на беларускай мове: і так дайшло ўжо, што беларускае — сінонім бяздарнага, пустога. А марку трэба трымаць. Хаця б таму, што беларуская мова не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі з рускай. Толькі творамі, выдатнымі творамі мы можам павярнуць да нашай мовы чытачоў... Іншыя ж спосабы пакуль што немагчымыя. Р.Сабаленку сказалі проста ўсё пра яго твор. I Я.Скрыган, і І.Пташнікаў, і я. На тое былі свае прычыны. (...)
Яшчэ калі я прыйшоў у "Полымя", А.Рылько папярэдзіў мяне: "Гэты чалавек... Наступі яму на хвост, праз усё жыццё не забудзе..." Хутка я пераканаўся: Рылько казаў праўду. Забракавалі мы яго аповесць, апавяданне, пасля сказаў я з трыбуны пленума, што яго зяць атрымаў кватэру, а члены Саюза — не... I пачалося... Карыстаючыся тым, што намеснік рэдактара "ЛіМа" пачаў шалёную кампанію супраць мяне, маіх твораў, разоў колькі абы-што малоў і з трыбуны. Запрасіў нават Гарбачова, каб той даў гразі... Калі хлопцы ў рэдакцыі выкінулі, накрычаў на іх...
Але, каб нават з Пташнікавым не абвінавацілі ў чым, далі пачытаць Я.Брылю, члену рэдкалегіі. Той прачытаў палавіну і вярнуў... Гаварылі ў кабінеце. Скрыган першы, я другі, канчаў Пташнікаў. "Адзінае праўдападобнае — гэта арышты", — выказаў пахвалу Пташнікаў. Р.Сабаленка моўчкі курыў. Відно было, што з намі не пагаджаецца і нават пасміхаецца ў душы, маючы нейкі козыр, каб нас пабіць... Часам сёе-тое аспрэчваў... Пасля выняў той козыр. "Мяне перакладае Гарбачоў на рускую мову, вельмі падабаецца тэты твор". Я адразу ж загарэўся: тое ж казаў нам Звонак, калі бракавалі яго п’есу пра Харужую. Маўляў, Ленінградскі тэатр прыняў да пастаноўкі, МХАТ... А прайшло тры гады, а п'есы той нідзе ні духу, ні слуху... Аж перасмыкнула Р.К. "Я ж проста так сказаў! Дам, хай яшчэ хто прачытае, не можа быць, каб мне так усё не ўдалося..." Зноў узяліся мы разбіваць, і даволі-такі грунтоўна. Пташнікаў нават кавалкі зачытаў... Узяў папку, пайшоў. Назаўтра — захварэў.
Вядома, можна было б і ласкавей пагаварыць, каб не біла так у яго самаўпэўненасць і пыха. Перад тым як несці твор у "Полымя", сказаў у рэдакцыі: "Я ўцёр нос хлапчукам (гэта значыць, нам) і Брылю... Хай паглядзяць, як трэба пісаць пра паліцаяў і Заходнюю Беларусь..." А раней яшчэ: "Грамовіч аднатомнік выдае... А я... У мяне ж чатыры тамы назбіраецца, і не плануюць усё... А каб нарысы ды перадавіцы сабраць, што я пісаў у раённых ды абласных газетах... Пух-пух (з рота вылятаюць клубы дыму)... Цэлых шэсць тамоў было б."