Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 31

Борис Саченко

Заўважыў: калі нешта не выходзіць у кіраванні, шукаюць вінаватых. I імі чамусьці заўсёды бываюць... пісьменнікі. Гэтак было пры Сталіне, пры Малянкове, пры Хрушчове.

Што ж, не гледзячы ні на што, трэба пісаць. Трэба дзяўбсці, як тая кропля камень. А раптам нешта і напішацца, нешта і астанецца пасля нас.

Бачыў Мажэйку. Вечар цэлы чытаў газеты Чэхаславакіі. Дажыць бы да такой дэмакратыі!.. У нас жа звялі ролю друку, наогул слова да таго, што трэба толькі адабраць, пахвальваць тое, што робяць вярхі. Калі каго і крытыкаваць, то не вышэй загадчыка магазіна, прыбіральшчыцы...

10.4.68 г.

(...) Чытаю Камю "Дзённікі". Радуюся, што вывучыў поль­скую мову. I шкадую, што не ведаю ні англійскай, ні французскай. Хаця жыў жа — што з таго, што я ведаў бы гэтыя мовы? Hi газет, ні кніг на гэтых мовах купіць нельга. Каб можна было ўсё гэтак жа набыць, як рускае, бадай што вывучыў бы і гэтыя мовы.

Мова — гэта яшчэ адно акно ў свет, у культуру. Не дзіва — усе вялікія людзі ведалі па некалькі моў.

Уся бездар падняла вушы. Ім здаецца, што прыйшлі, нарэшце, іх часы. Таленавітых людзей можна абвінаваціць у ро­зных грахах, і тыя будуць маўчаць. А ў чым можна абвінаваціць людзей бяздарных? Служаць яны — зноў жа каму яны служаць, як не сабе! — быццам як мае быць. Але ж яны бяздарныя, і грэх гэты самы вялікі, які толькі можа быць.

Думаю ўсё пра тое ж: як навучыцца так пісаць, каб і друкаваць свае творы можна было, і аставацца шчырым, праўдзівым, нідзе не нахлусіць? Не веру, каб нельга было знайсці дзіркі: талент, як трава, праб’ецца адусюль. Камень ляжыць — абагне яго, збоку вылезе; асфальт — узарве...

Так што трэба не здавацца, думаць, шукаць... Калі не змагу знайсці — значыць, я ніхто. I Пастэрнак, і Паўстоўскі, і Ляонаў, і Чорны, і Прышвін — знайшлі дзірку, асталіся ў літаратуры.

Гаварыў пра гэта з Адамчыкам. Ён на ўсё глядзіць намнога за мяне глыбей. Малайчына! Ёсць усё ж і ў нашай літаратуры ўжо хлопцы, якія пра нешта думаюць. Наўроцкі, Адамчык, Капыловіч. Хлопцы! А каб зрушыць камень з мёртвага месца, трэба дзецюкі.

Вялікія людзі капаліся ў сабе, адкрывалі нешта, не вядомае нікому, менавіта там. Мы ж пакуль думаем больш пра акружэнне сваё, там хочам штосьці цікавае знайсці. У тым, мабыць, і памылка наша.

***

Добра было Ісусу Хрысту паміраць, хай нават і на крыжы, калі ён сказаў свету сваё слова, пакінуў філасофію, якая жыве вось ужо колькі вякоў. Страшна паміраць, не пакінуўшы свету нічога. I каб жа не мог пакінуць. А калі здаецца табе, што можаш?..

Відаць, трэба, сціснуўшы зубы, маўчаць, пакуль можна маўчаць, і хоць употайкі нешта рабіць.

***

Камю піша: жывём у свеце, дзе трэба выбіраць, ці быць ахвярай, ці катам — і толькі гэта. Гэты выбар не ёсць лепшы. Заўсёды мне здавалася, што наогул няма катаў, ёсць толькі ахвяры...

11.4.68 г.

Некалькі дзён чытаю новыя, нікому яшчэ не вядомыя творы М.Гарэцкага. Не нарадуюся! Здаецца, усе творы пісаны сёння. Стыль, мова, мысленне — зусім сучасныя. Вось што значыць талент! I які беларус! Што ён толькі ні рабіў для Беларусі! I слоўнік выдаў, і зборнік песень сабраў, і першую хрэстаматыю напісаў, і ездзіў нават у Сібір, каб паглядзець, як там жывуць перасяленцы-беларусы. А самае галоўнае — ён быў пісьменнік і вельмі шчыры чалавек. Hi радка не напісаў, каб дагадзіць некаму. Усё шчыра, так шчыра, што жахаешся...