Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 27

Борис Саченко

Ага, Кавалёў забараніў гаварыць, расказваць каму б то ні было пра ўсё, што робіцца ў рэдакцыі. Як усё адно ў лагеры, у заключэнні. Толькі з розніцай той, што падпіскі не ўзяў. Трэба на наступнай нарадзе прапанаваць, каб падпіску з кожнага ўзяў...

5.5.67 г.

Сумна, нецікава зрабілася ў "Полымі". Раней былі Танк, Брыль. Колькі чаго цікавага пачуеш, даведаешся! А якія спрэчкі былі — усе падзеі жыцця, літаратуры абмяркоўваліся, і на якім узроўні! Новы універсітэт! Цяпер жа — цішыня, зрэдку — размова пра футбол. I ўсё. Гаварыць пра літаратуру можам толькі мы, старыя работнікі. Але што кожны з нас думае, мы і так ведаем.(...) Відаць, трэба ўцякаць. Маральнай асалоды ад працы няма ўсё адно. Праўда, пакінуць месца ў любы час не позна. На гэтае месца возьмуць таго, хто ім трэба. А так — усё ж хоць нешта, ды рабіць для справы можна. Увогуле — пачакаем, паглядзім.

10.5.67 г.

(...) Дні і ночы сяджу над рэдакцыйнымі матэрыяламі. Часопіс павялічылі, а людзей не даюць. Да таго ж, новы рэдак­тар, і ўсе кінуліся ў бой — за галоўны напрамак кожны хоча мець пасрэднасць. Тады лягчэй жыць, лягчэй друкавацца. Учора — аж тры аўтары. (...) Грамовічу мы з Пташнікавым далі зразумець, што другая частка, "Яны далі слова", у некалькі разоў горшая за першую. Далі, а не сказалі. I дарэмна — твор, які наогул нельга правіць, а трэба выкінуць на сметнік, ён праз тры дні паправіў. (...) Калі яму сказалі, што галоўная гераіня — фальшывая, ён нам палітыку пачаў прышываць. Не, нас не возьмеш гэтым! Мы далі дружны адпор. Дый што гэта — права аднаго прышываць другому палітычную блізарукасць, непаўнацэннасць

Калі не адаб’ёмся — прападзём.

Скрыган паехаў у водпуск. Што з яго заявай — невядома...

Узнікла жаданне — на падставе Пяткевічавых кніг і таго, што сам ведаю пра Палессе, напісаць нешта — ні то дзённік, ні то запіскі, ні то ўспаміны. Нешта вольнае, незвычайнае па форме. Вось як закончу "Аксану", адразу ж і вазьмуся. Натхняе на гэта і А.Чарнышэвіч — чытаў яго незакончаныя рэчы і зноў шкадаваў: які харошы пісьменнік, не адгаварыўся, адышоў раней часу.

Сёння зноў секцыя. Абрыдла. Трэба гаварыць пра Мялу. Шамякін і Макаёнак чамусьці цягнуць яго ў літаратуру, у Саюз. Адбіваемся, як толькі можам. Харошыя беларускія хлопцы забытыя, а толькі з’явіцца нехта рускі — цягнуць яго за вушы бягом у Саюз. Друкуюць, рэкамендуюць, прабіваюць...