Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 10

Борис Саченко

Што мог, паправіў — і надрукавалі. (Цікава было 6 калі перачытаць тое, што мы друкуем. Чысценькае, гатовенькае. А то чытаеш рукапіс — і ўсё. А чытач чытае кнігу — і думка рэдакцыйная і чытацкая разыходзіцца, пэўна, будуць.)

Другая кніга — "На парозе будучыні" — лепшая за першую. Шмат дыялектызмаў Лобан правіць не хоча, адстойвае кожнае слова — загадчык сектара мовы АН БССР, як-ніяк гонар не дазваляе! Ледзь-ледзь усунулі між Савіцкага і Шамякіна. I добра зрабілі: каб не ўсунулі, бадай, і не надрукавалі 6 у 1963 г. — не хапіла б месца.

***

Аркадзь ЧАРНЫШЭВІЧ. Засценак Малінаўка. Раман.

Друкавала наша машыністка. Доўга я любаваўся пісьмом — доўгія лісты ў лінейку, роўны, чысты почырк. I каб хоць адна паправачка!

Тры экземпляры рамана валяліся ў рэдакцыі з год, пакуль урэшце не аддаў А.Чарнышэвіч грошы машыністцы і не забраў.

Раман уразіў мяне веданнем побыту беларускіх шляхцюкоў, каларытнымі характарамі і мовай. Ён спадабаўся мне не менш за раман Мележа "Людзі на балоце". (Дарэчы, мы спачатку назвалі Мележаў раман "Туманы над багнай". А.Рылько ўбачыў у гэтым загалоўку ідэйны хіб і ў карэктуры прымусіў мяняць. Мележ прынёс цэлы спіс назваў, 10—15. Спыніліся на "Людзях на балоце". Але Я.Скрыган палічыў раман сыраватым. Раман, папраўдзе, і быў сыраваты, але не настолькі, як лічыў Я.Скрыган. А.Чарнышэвіч жыў у Радашковічах — то піў, то хварэў. I ўсю работу па праўцы мне давялося ўзваліць на свае плечы. Пасля Скрыган прайшоўся добра-такі па старонках — многае згубілася, не трапіла ў друк. I гэта адзіны твор, які мы, здаецца, сапсавалі сваёю праўкаю. Лез хто хацеў, аўтара не было, ён не сочыць — што трапляе ў друк наогул з-пад яго пяра. Карэктуру чытаць не захацеў...

Ды ліха з ім, добра, што раман надрукаваны. Мінулае, а гэта многім не па густу.

ЗАДУМЫ.

Калі Бог дасць здароўя і сілы, хачу напісаць тры аповесці ці раманы (высветліцца пасля), дзе галоўныя героі будуць пісьменнікі.

***

Сяргей ДЗЯРГАЙ.

Першыя пасляваенныя гады, г.Мінск. Парк імя Горкага. Пасуцца козы, коні. I побач з імі, на траве, з чорным партфелікам, на пузе ляжыць у салдацкім шынялю чалавек. Ён кульгае, і усе прымаюць яго за салдата, што вярнуўся з фронту, — такіх тады было многа ў Мінску. I ніхто не звяртае на яго асабліва ўвагі — побач піўныя, забягалаўкі, ля іх таўкуцца людзі, сярод людзей пісьменнікі — запісваюць свае творы. I чалавек у шынялю не зводзіць з іх вачэй — ён жа таксама пісьменнік, ведае амаль кожнага з іх — як пачатковец, чалавек, які цікавіцца літаратурай, ён часта бываў раней на пісьменніцкіх сходах. Нават больш: ён ведае кожнаму іх цану — недарэкі, без таленту і сумлення. Найбольш таленавітых яны пасадзілі ў 1937 г. — пісалі даносы, выступалі ў друку, і на сходах, і нават на допытах. Цяпер яны рады — яны самыя вялікія, недасяжныя, іх хваляць у друку, завуць на прыёмы.