Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 8

Борис Саченко

***

Уладзімір КАРАТКЕВІЧ. Нельга забыць. Раман.

Прынёс Я.Брыль. Пісаў рэцэнзію на кнігу і адобрыў раман. Я адразу ж узяўся чытаць — першыя 70 старонак здзівілі: няўжо з'явіўся такі новы празаік у нашай літаратуры! (...)

Даў Скрыгану. Таму раман спадабаўся таксама. Рылько піў — ён нізашто не надрукаваў бы такі твор, асабліва прачытаўшы яго ў першым варыянце...

Гаварыў з Караткевічам адзін і вельмі шчыра. Праз месяц прыслаў раман з Масквы, нічога не паправіўшы. Выкінуў толькі адну сцэну — абарону Масквы, апалчэнне. (Пераказаў яе вуснамі Галаўлі.) Я ўзяўся рыхтаваць раман да друку — выкідаў усё, што вельмі выпірала. Многае можна аднавіць у асобным выданні, а цяпер — каб не чапляліся сабакі. Інакш раман асобнай кнігай не выдасі. Караткевіч мяне паслухаў. Здалі ў набор.

Першы падняў крык А.Вялюгін. "Паэму забракаваў я, дык ён лезе праз акно — робіць яе паэмаю героя, друкуе ў "Полымі". Паэму я выкідаў першую, пакідаў толькі некалькі частак, для каларыту. Яна паўтарала папярэднія празаічныя сцэны..." Пайшоў глядзець: аказваецца, машыністка памылілася, надрукавала закрэсленае... Я.Скрыган даў указание: чытаць пасля машынкі ўсё, што здаецца на аддзел, у набор. Я — на дыбы: я адзін у аддзеле, у мяне на ўсё не хопіць часу...

Да Вялюгіна далучыўся Р.Шкраба (ён дзяжурны быў па нумары). Раман яму наогул не спадабаўся. Узяўся чытаць Танк — ніколі не бачыў яго такім злосным. Не пакінуў нідзе жывога месца — скрэсліў усё. На мяне ўсе глядзяць, як на вінаватага. Пазвалі Караткевіча, паказалі заўвагі Танка. Караткевіч узяўся аспрэчваць: многае Танк сапраўды хапіў залішне... Сяк-так аддалі на праўку.

Ад другой часткі рамана асталіся "рожкі ды ножкі". Чытаў Танк перад самым ад’ездам у Амерыку. Прынёс рукапіс Я.Скрыган, глянуў і аж умлеў: што асталося ад рамана...

Чытачы прынялі няблага, нават А.Мальдзіс рэцэнзію хвалебную ціскануў у "ЛiMe"...

Аў выдавецтве Караткевіч здаў першы варыянт. В.Сёмуха пусціў усё. I дарэмна — нехта глянуў, нехта прачытаў — рэдсавет. Караткевіч узяўся правіць. Пакуль правіў, сустрэча інтэлігенцыі ў Крамлі. Раман яшчэ раз затрымалі. Пасля трапіў у ЦК. Там прачыталі на бюро ўрыўкі, аддалі ў Саюз — хай Саюз рашае, што рабіць з раманам: выдаваць ці не выдаваць.

Засядалі ў Броўкі ў кабінеце. Ніхто не асмеліўся ганіць раман: вельмі таленавіта напісаны. Толькі сёе-тое зняць. Караткевіч згадзіўся. Зняў. 3 выдавецтва раман трапіў на калегію міністэрства...

Прыехаў я з Кіева і дачуўся: раман не выходзіць, рассыпаны набор...

У першым варыянце загаловак быў — "Леаніды не вернуцца да зямлі". Я ўлавіў сэнс, ідэю — каб яе трохі схаваць, далі другі загаловак — "Нельга забыць".

***

Міхаіл ГАРЭЦКІ. Віленскія камунары. Раман.

Знайшоў раман І.Шутовіч. Ён і прадмову напісаў, і перадрукаваў раман на машынцы. Скрыган аддаў Пташнікаву. "Прачытай і, можа, выберы які кавалак..." Пташнікаў прачытаў — трэба друкаваць раман увесь. Скрыган усумніўся. Узяў сам дадому. Папраўдзе, раман добры, трэба друкаваць цалкам. Танк прачытаў, далі М.Лужаніну. М.Лужанін прынёс і прадмову. А.Бачыла знайшоў у прадмове непажаданае — М.Лужанін заўпарціўся: альбо бярыце так, як я напісаў, альбо ніяк не бярыце... Нашы здаліся.