Читать «Прыгоды Мармулка» онлайн - страница 7

Язэп Палубятка

...Антон Антонавіч Мікалайчык поўнымі журбы і смутку вачыма пранікнёна глядзеў на Мармулка, што ўжо добрыя дзесяць хвілінаў намагаўся нешта вытлумачыць на зусім незразумелай яму мове. У рэшце рэшт чалавеку абрыдзелі нечалавечыя высілкі карантыша, і ен з гонарам дырэктара беларускай гімназіі запытаў на чыста расейскай мове:

- Што ты хотишь?

- Працаваць у вас настаўнікам.

Адказ быў настолькі нечаканы, што Антон Антонавіч знямеў ад такога нахабства, колькі хвілінаў хапаў, быццам астматык, ротам паветра, і толькі пракаўтнуўшы сліну, змог прамовіць:

- Як...

- Вы ж нас заўжды клікалі да сябе на працу...

- Цябе? - вочы ў дырэктара сталі круглыя, быццам яблыкі, і ён яшчэ раз ці то запытаўся, ці то сцвердзіў: - Цябе?.. А хіба на філалагічным факультэце болей дзяўчат няма?

Відаць, дзяўчат там не бракавала, бо Антон Антонавіч болей не захацеў весці размову з Мармулкам, а, далікатна паклаўшы руку на стан нейкай маладой асобе, павярнуўся і пайшоў прэч.

Пакрыўджанаму чалавеку заўжды хочацца шукаць праўды, змагацца за справядлівасць, весці непрымірымую барацьбу з усімі чалавечымі заганамі. I гэты выпадак не быў выключэннем. Пятру Матылю здалося, што калі ён паскардзіцца ў адпаведны раённы аддзел народнай адукадыі, дык пытанне з яго прызначэннем на пасаду вырашыцца адразу. I не трэба будзе ніякіх іншых высілкаў.

Загадчык раённага аддзела народнай адукацыі ўважліва выслухаў наведніка і добразычліва папрасіў яго звярнуцца ў аддзел кадраў. Мармулак, упэўнены, што пытанне з яго працаўладкаваннем вырашана канчаткова, радасна памкнуў туды. Начальнік аддзела кадраў, трыццаціпяцігадовая жанчына, не апошняе страхалюддзе, у поўным росквіце фізічных здольнасцей, запытальным позіркам глянула на госця. Позірк кабеты ўспыхнуў зоркай Венерай і патух дробным вуглікам: што з яго возьмеш? Аналізы для санэпідэмстанцыі, і тыя, пэўна, няякасныя. Жанчына яшчэ зразумела, што загадчык таксама не выяўляе асаблівай зацікаўленасці ў працаўладкаванні наведніка, а праяўляць уласную ініцыятыву не мела для яе ніякага сэнсу. Выпадковы, нічым не адметны чалавек. У той момант, калі былы студэнт падрабязна тлумачыў, дзе ён хацеў бы працаваць і што на гэта атрымаў згоду ад загадчыка, жанчына глядзела паверх ягонай галавы на сцяну, дзе дзве мухі практыкаваліся ў сексе. Прамова была закончана якраз у той момант, калі павук напаў на пералюбаў.

- Заява, - строга запатрабавала жанчына, як толькі ўпэўнілася, што парачка заўжды застанецца у павуцінні. Яе ахапіла журба.

- Зараз напішу, - схамянуўся малады спецыяліст і паспешліва дастаў асадку.

- Малады чалавек, - жанчына гаварыла цвёрда, самаўпэўнена, голасам, якім суддзя выносіць прысуд. - Вы павінны з’явіцца сюды з заяваю, падпісанаю загадчыкам аддзела. Я дробны чыноўнік І не прызначаю на пасады, а толькі, як звычайная бюракратка, афармляю паперкі.