Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 26

Алесь Петрашкевіч

Дзіўна i тое, што Палітбюро забараняе выезд на пахаванне кандыдата ў члены Палітбюро ўсім першым сакратарам кампартый саюзных рэспублік, і тыя паслухмяна пагаджаюцца з такой грахоўнай забаронай. Нарэшце, не ад праказы ж ці чумы загінуў іх калега?! I доступ да яго труны адкрыты... Адзін сусед, Першы сакратар кампартыі Літвы П.П.Грышкявічус, скажа: «Я пахаваю друга, а тады няхай са мною робяць, што хочуць!» — і прыедзе ў Мінск. Па ўласнай ініцыятыве прыедуць яшчэ касманаўты-землякі В.У.Церашкова, У.В.Кавалёнак і П.І.Клімук. Яшчэ ад уласнага імя сям’і нябожчыка прышле тэлеграму К.Т.Мазураў. Двурушнікі-крывадушнікі з Палітбюро падпішуць некралог, у жалезабетонную форму якога вымушаны будуць уціснуць наступны змест: «Перестало биться сердце пламенного коммуниста, известного дея­теля Коммунистической партии и Советского государства, вся сознательная жизнь которого была отдана делу строительства коммунизма. П.М.Машеров на всех участках работы проявлял творчество и инициативу в осуществ­лении политики партии. Его отличали беззаветная преданность великим иде­алам коммунизма, огромная энергия и страсть в работе, партийная принципи­альность и человечность, личное обаяние и скромность. Всё это снискало ему признание, высокий авторитет в партии и народе».

Фармальна? Фармальна. Праўдзіва? Праўдзіва.

Гэта і ёсць мастацтва крывадушнасці.

Спачуванні ад ЦК кампартый, Вярхоўных Саветаў і Саветаў Міністраў саюзных рэспублік таксама будуць, але ў асноўным без уласных подпісаў кіраўнікоў гэтых высокіх устаноў. I гэта ўжо зусім не дзіўна — раз на пахаванне нельга паехаць, то навошта ж рызыкаваць з уласнымі подпісамі? Праўда, Д.Кунаеў з Казахстана, А.Э.Вос з Латвіі і Э.А.Шэварднадзе з Грузіі ўсё ж рызыкнуць і падпішуцца ўласнаручна.

Расійскую дзяржаву на пахаванні будзе прадстаўляць Старшыня Вярхоўнага Савета РСФСР М.А.Ясноў. КПСС — сакратар ЦК па ідэалогіі М.В.Зімянін. Ён скажа казённую, трафарэтна-фармальную прамову ў духу некралога і не больш за тое, хоць заўсёды лічыўся не толькі земляком нябожчыку, але і пабрацімам па партызанска-камсамольскіх справах. Гэта той самы Зімянін, які дзесяцігоддзямі зайздросціў П.М.Машэраву, раўнаваў яго да высокай пасады і да якога ў Пятра Міронавіча, мякка кажучы, былі стрыманыя адносіны.

Пасля пахавання «пламенного коммуниста, известного деятеля Комму­нистической партии и Советского государства... партийная принципиальность и человечность, личное обаяние и скромность» якога «снискала ему» і гэтак далей пры поўнай інфармацыйнай блакадзе імя нашага героя знікне з ужытку так званымі СМІ і не будзе ўпамінацца гадоў дзесяць.