Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 3

Маргарыта Латышкевіч

А ў Ільгі тым часам сасмягла ў роце, бо нечакана прыйшло разуменне: музыка сціхла, бо яе — заўважылі. І зараз вось глядзяць адтуль, з ценю, вывучаюць пільна, з адчужаным інтэрасам.

— Можаш прайсці, чалавечае дзіця, — сказалі Ільзе. Тая здрыганулася, як ад холаду, хоць мужчынскі голас быў пекны, аксамітна мяккі, ды і прагучаў досыць дабрадушна. Яна няўпэўнена пераступіла з нагі на нагу. Звузіўшы вочы, спрабавала разгледзець замглёную постаць там, ля дрэва, але цень быў дзіўны, ажно занадта густы.

— Неба бачыць, — працягвалі з-пад дуба. — Гэта ўпрост знак лёсу.

— ...знак? — тупа паўтарыла, нахмурыўшыся, Ільга. З-пад дуба насмешліва чмыхнулі. Густы цень варухнуўся, быццам патрывожаная вада, і ледзьве заўважная постаць у ім вокамгненна набрыняла колерамі і формамі.

З пагорка па шорсткай траве хвацка з'ехаў уладар голасу і лютні — высокі, танклявы, з ясным маладым тварам, з сабранымі на патыліцы ў вузел залацістымі валасамі. Увесь быў — суцэльнае ззянне. Золатам успыхнулі гузікі-ракавінкі на выкшталцоным адзенні, бліснуў зялёны шоўк на доўгіх вышываных рукавах. Засвяцілася злева на грудзях фібула-змяя, загарэлася завушніца з паўпразрыстым зялёным самацветам. І вочы былі таксама зялёныя — светлыя, ззяйкія, вострыя, з залатымі іскрамі.

— Не надта ты гаварлівая, так, чалавечае дзіця? — весела сказаў лютніст. Змерыў паружавелую Ільгу вачыма і, пачасаўшы падбароддзе, прамармытаў сабе пад нос: — Возера і князёўна, чым табе не сюжэт?..

Дзяўчына сумелася.

— Я... не князёўна, — азвалася сіпата. І, сяк-так пракаўтнуўшы камяк у горле, скорагаворкай выпаліла, сціскаючы нож у кулаку: — І я не хацела... заходзіць у вашы ўладанні.

Лютніст прыўзняў бровы, паглядзеў на нож, на Ільгу, зноў на нож. І засмяяўся.

— Уладанні, бач ты, — ён пакруціў галавой. — Чалавечае дзіця, я не ўладар нікому, апрача, можа, самога сябе.

Ён памаўчаў, кусаючы вусны, зірнуў у неба, а пасля паўтарыў нараспеў, лёгка крануўшы струны:

— Уладар ні для кога, апроч самога сябе. Апроч сябе. самога.

Зморшчыў востры нос і выдыхнуў расчаравана, пакутліва:

— Эт, усё лухта-а!

Ільга тым часам зірнула цераз плячо на сваю кабылку. Пярэстая, памахваючы хвастом, прынюхвалася да расчараванага лютніста — без асаблівага страху, проста з мудрай перасцярогай.

Небяспекі сапраўды не адчувалася, але не-людзі, кажуць, якраз гэтым і небяспечныя. Закружаць галаву, пададуцца мяккімі, добрымі, свойскімі, а там глядзі — і ачомаешся ў падзем'і. Калі, вядома, увогуле ачомаешся.

— Можа, хоць ты выратуеш мяне, князёўна? — запытаў лютніст з апантанай надзеяй. — Дапаможаш? А?

Ільга спахмурнела: не-людзям, яна чула, вельмі падабаецца гуляць з людзьмі. Так коткі гуляюць з мышамі, здзекуюцца з драпежным азартам. Вось і ад яго просьбы таксама патыхала нейкай здзеклівай гульнёй.

— Мне трэба ісці, — адказала яна, намагаючыся, каб гэта гучала не надта няветліва. І таму дадала дрыготкім голасам: — Даруйце, лясны гаспадар.