Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 2

Маргарыта Латышкевіч

Над возерам, ледзьве чутная, бязважкая, плыла, адмыслова сплятаючыся са спеву вады, з шэптаў трыснягоў, з паважнага чмялінага гуду, з пляскату птушыных крылаў, музыка. Узвівалася ўверх, да верхалін меднастволых хвой, да пульхных белых аблокаў — каб тут жа рассыпацца дробнымі пырскамі гаваркой сярэбранай вады.

Ільга павольна ўдыхнула і выдыхнула, высілкам волі супакойваючы сябе. Азёрная музыка трывожыла, непакоіла — і разам з тым настойліва, бясконца вабіла, быццам запрашала ісці за сабою.

Не дзіва, думала Ільга, што пярэстая так дрыжыць: жывёлы лепш за людзей адчуваюць чары. А ў азёрнай музыцы звіняць чары, гэта несумненна. Таму яна пранізвае наскрозь і гучыць унутры, спакваля вырастаючы, перапаўняючы сэрца дзіўным спалучэннем і бязмернай радасці, і невычэрпнай тугі адначасова.

Людзі так граць не ўмеюць. Так граюць — іншыя, тыя, што не-людзі. Тыя, што з рогатам носяцца ў зімовых віхурах, блытаюць лясныя сцежкі, апоўначы гушкаюцца на галінах, запальваюць бледныя агні на курганах. Тыя, што выходзяць з ценяў, нядобрыя, падступныя, з вострымі агністымі — у колер іх курганных агнёў — вачыма. Аплятаюць людзей сваімі спевамі ды танцамі, зводзяць — зачараваных, паўсонных — пад зямлю. Навечна, назаўжды.

Ільга сутаргава намацала на поясе жалезны нож з касцяным дзяржальнам. Ад дотыку металу супакоілася, нават набралася рашучасці. Цвёрда ведала: тыя, іншыя, баяцца жывога агню ды халоднага жалеза.

А другой дарогі ўсё роўна не было.

— Ну! — строга сказала яна кабылцы, пацягнула за аброць.

Ад Ільгі ўпэўненасць перадалася і пярэстай. Тая, хоць і па-ранейшаму касілася на страшнае возера, паслухмяна рушыла следам. Музыка вірыла вакол, падхоплівала, амаль адчувальна цягнула наперад. Дзяўчына, сціснуўшы зубы і звёўшы бровы, змагалася, прымушала сябе ісці спакойна, а не бегчы наперад з радасным заміраннем сэрца.

Неслухмянае сэрца, праўда, усё ж салодка замірала.

За рэдкім хмызняком, дзе бесклапотна перасвістваліся імклівыя дробныя птахі, адкрываўся невялікі ўзгорак — выгінаўся, нібы кашэчая спіна, над возерам. На ўзгорку самотна зелянеў раскідзісты дуб, і ад яго распаўзаліся вузлаватыя наплывы карэння. Схон з аднаго боку асыпаўся, саступаючы ўпартай азёрнай вадзе, так што карані апынуліся звонку, застылі над хвалямі, быццам цягнучыся да іх— і не рашаючыся дакрануцца.

У карункавым цені дрэва ледзь відно было чалавечую («Нечалавечую», — тут жа выправіла сама сябе Ільга) постаць. Нехта стаяў, прыхінуўшыся спінаю да шырокага камля, і радасныя сонечныя зайчыкі слізгалі па залацістым баку лютні.

Музыка, дзіўная, вусцішная, бясконца прыгожая азёрная музыка, разлівалася ад яго ва ўсе бакі — быццам кругі па вадзе.

Ільга прыпынілася, адчуваючы, як змоклі далоні, як непрыемны халадок прабег уздоўж хрыбта. Зноў сціснула неслухмянымі пальцамі запаветны нож, паўтараючы, як закляцце: яны баяцца халоднага жалеза, баяцца, баяцца, баяцца.

Збаяліся або не, але музыка абарвалася. Гучала яшчэ цэлае імгненне між ударамі сэрца, трымаючыся над возерам, — і згасла, патанула, зусім як той зачараваны горад з бязладнай дзедавай байкі.