Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 53

Віктар Шніп

Мулявін і «Малітва»

11.02.2016. Пасля прэзентацыі кнігі пра Уладзіміра Мулявіна прыехаў дамоў позна вечарам з добрым настроем, бо ўсё прайшло цудоўна. Многія казалі, што падобных па прадстаўнічасці і душэўнай цеплыні прэзентацый на кніжных выставах даўно не было і ці хутка будуць. Лёг спаць, як звычайна, а 12 гадзіне і... прыснілася наша прэзентацыя і Мулявін, які спяваў і спяваў «Малітву». І сёння са словамі купалаўскай малітвы ў душы я і паехаў на кніжную выставу. Прыехаў а 10-й. Хутка падышлі нашы выдавецкія супрацоўніцы, і адна з іх прызналася, што ёй усю ноч снілася наша прэзентацыя і песня «Малітва», таму яна не выспалася, але з гэтага не бядуе, бо слухала Мулявіна.

***

11.02.2016. Учора, калі праводзіў у гардэроб ганаровых гасцей прэзентацыі кнігі «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», меў магчымасць паразмаўляць з Леанідам Барткевічам. І пачаў я размову са згадкі пра тое, што ён і я ў свой час скончылі адну і тую ж навучальную ўстанову — Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. «Потым я вучыўся ў Маскве ў ГІТІСе!» — выслухаўшы мяне, сказаў спадар Леанід. «А я ў Літінстытуце!» — усміхнуўся я і запытаўся: «Ці памятаеце, як, ужо будучы ў «Песнярах», вы прыходзілі ў інтэрнат тэхнікума, і вам хлапчук дапамагаў пару радкоў да песні дапісаць, а вы злаваліся, што ён нотнай граматы не ведае?» — «Гэта ж было амаль сорак гадоў таму! Нешта памятаю, а нешта і не памятаю. Я ж тады пасля тэхнікумаўскіх «Залатых яблыкаў» часам заглядаў у тэхнікум і, магчыма, было і такое, пра што вы кажаце...» — «Той хлапчук перад вамі». — «Вельмі прыемна», — сказаў Леанід Барткевіч і паціснуў мне руку.

***

11.02.2016. Раніцай з Дзмітрыем Пятровічам прэзентавалі кнігу прозы і паэзіі маладых «Мой дзень пачынаецца...» Усе запрошаныя паэткі прыйшлі: Валерыя Саротнік, Яна Явіч, Ганна Чумакова, Ірына Чарняўская, Кацярына Масэ, Вераніка Мандзік, Людміла Клачко. Паэтаў не было. Іх у зборніку дванаццаць чалавек з сарака пяці. Было шмат маладых слухачак (дзяўчат семдзесят, а мо і болей), і таксама аніводнага хлопца. Праўда, сярод іх стаяў Леанід Дранько-Майсюк. На жаль, у мяне не было фотаапарата, а то можна было б зрабіць паэтычны здымак з назовам кшталту «Паэт і ягоныя музы».

***

11.02.2016. Учора, ідучы да сцэны на выступленне, Леанід Барткевіч запытаўся ў мяне: «Як лепей сказаць, Расія ці Расея?» — «Расія», — адказаў я, і ў сваім выступленні спадар Леанід Расію назваў Расіяй.

***

11.02.2016. На кніжнай выставе вечарам вёў паўтарагадзінную імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». На жаль, слухачоў было малавата. Праўда, нашы выступленні, дзякуючы мікрафону, чуліся амаль на ўвесь выставачны павільён. Я чытаў класікаў (Купалу, Багдановіча, Танка, Куляшова, Броўку, Караткевіча, Янішчыц), а прысутныя паэты чыталі сябе, як класікі. Завяршылася наша імпрэза выступленнем студэнцкага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай. Пакуль мы чыталі вершы, на вуліцы выпаў снег. Белы, як чыстая папера для новых твораў.