Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 51

Віктар Шніп

***

2.02.2016. Артыст Ігар Сідорчык, які часам па тэлебачанні коратка прадстаўляе кніжныя навінкі, папрасіў мяне параўнаць два выданні пра Уладзіміра Мулявіна. Першы фаліянт выйшаў у 2004 годзе, а другі месяц таму. Каб доўга не распавядаць, я сказаў: «Першае выданне — гэта прыстойны драўляны дом, дзе прадстаўлена жыццё і творчасць Мулявіна, а цяперашняе — гэта Палац Рэспублікі.»

***

3.02.2016. У панядзелак у выдавецтва па справах заходзіў Адам Глобус. Сядзелі ў кабінеце Алеся Бадака. Размаўлялі пра літаратарскае жыццё-быццё, узгадвалі свае маладыя гады і сяброў, якіх ужо няма. Валодзя падарыў нам па кніжцы. Мне — свой «Дом». Ва ўвесь час нашай размовы мне хацелася паклікаць сакратарку і папрасіць, каб яна сфатаграфавала нас на мой смартфон. Не паклікаў. Неяк было няёмка гэта рабіць. Яшчэ сфатаграфуемся. Сёння прыходзіў Васіль Зуёнак: «Я тут на Нямігу ў краму прыехаў. Убачыўшы, што да вас недалёка, вырашыў наведацца». У нашай размове некалькі разоў Васіль Васільевіч паўтарыў, што яму ўжо 80 гадоў і цяпер у яго кожны дзень жыцця на ўліку. І я паклікаў сакратарку, каб яна сфатаграфавала нас. Зуёнак тут жа скінуў куртку, і мы сфатаграфаваліся.

***

3.02.2016. Вечар. Зімовы дождж. Іду па скверы. Раней тут былі могілкі. Пад дрэвам на лаўцы ў змроку сядзяць мужчыны. П’юць з чорнай пляшкі віно, як смалу...

***

4.02.2016. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаныя мае вольныя вершы «Зямля Фердынанда Рушчыца», «Жоўты, жоўтае і залатое», «Белы і белае» і «Сосны Івана Навуменкі». Нечакана далі на цэлую старонку. Даўно такім аб’ёмам не друкаваўся. Некага гэты мой захоп «ЛіМа» раззлуе, некаму не спадабаецца, што творы нерыфмаваныя. А я, разгарнуўшы газету на старонцы з вершамі, усміхнуўся, убачыўшы свой вельмі даўні фотаздымак, на якім я нейкі руды і ў акулярах, і падобны на Гары Потара...

***

4.02.2016. У белым снезе спіць белы мядзведзь. Ты яго не баішся, бо ты яго не бачыш.

***

5.02.2016. Выгульваючы на Мухлі сабаку Міёну, часта згадваю радкі Івана Буніна з верша «Одиночество»:

Что ж! Камин затоплю, буду пить...

Хорошо бы собаку купить...

Праўда, у мяне ўсё не як у вершы: сабака ёсць, каміна няма, дзявяты год не п’ю. Нейкі я няправільны, хоць і сумны...

***

6.02.2016. Сабакі радасна гуляюць на пляцоўцы для выгулу сабак, а мы, іх гаспадары, стаім каля дрэва, як прывязаныя...

***

6.02.2016. Упершыню і не ад добрага настрою Максім пастрыгся пад нуль. Выгляд у яго цяпер салдацка-бандыцкі. Я ж у свой час, будучы школьнікам, быў стрыжаным пад нуль некалькі разоў на год. Асабліва было слёзна, калі за тыдзень перад навучальным годам бацька браў тупыя нажніцы, доўга іх вастрыў, а потым стрыг мяне, як барана. Паехаўшы вучыцца ў Мінск, я ўжо не даваўся бацьку ў рукі і хадзіў па некалькі гадоў нястрыжаным, што нават часам чуў у свой адрас у транспарце: «Дзевушка, вы выходзіце на наступным прыпынку?» Праўда, у час маёй маладосці сярод хлопцаў была мода на доўгія валасы. Памятаецца, неяк мама папрасіла мяне, каб я пастрыг бацьку. Я пастрыг, і з таго разу я быў асабістым бацькавым цырульнікам да апошніх дзён яго жыцця. Неяк, стрыгучы бацьку, я запытаўся: «Ці помніш, як ты мяне стрыг, а я плакаў?» — «Не! Не помню...» — адказаў бацька, і мы разам засмяяліся...