Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 5

Маргарыта Латышкевіч

— Косткасей, — паўтарыла князёўна, калі параўнялася са мною. Я паважліва схіліў галаву. Стаўры завіляў хвастом, калі князёўна мімаходзь пагладзіла яго па галаве. А Падвей усё глядзеў, не зводзячы вачэй, не варушачыся, зніякавелы. Быццам прыціснуты, раструшчаны чымсьці дзіўным, чымсьці вялікім, чымсьці, што не змяшчалася ў ім і прарывалася вонкі: радаснымі іскрамі ў вачах, і бязглуздай усмешкай, і нечым яшчэ — няўлоўным, але несумненным, адчувальным нават збоку, нават мне.

Марэна працягнула яму руку — белую, быццам азёрная лілея, руку з тонкімі пальцамі, на якіх пялёсткамі ружавелі пазногці. І Падвей аберуч за гэтую руку-лілею ўхапіўся, так моцна, як мог, быццам бы наважыўся ніколі больш не адпускаць, і падняўся на ногі, як і раней, не адрываючы вачэй ад князёўны. Тая відавочна атрымлівала ад ягонага замілавання асалоду і ледзь заўважна ўсміхалася.

— Косткасей, — сказала яна. — Я сыходжу з ім, разумееш?

— Сыходзіш, князёўна, — пацвердзіў я. — Але не разумею, дзеля чаго.

Яна толькі засмяялася — быццам зазвінелі сярэбраныя званочкі — і пайшла прэч, ласкава, але настойліва цягнучы за сабой аглушанага шчасцем Падвея. Ішла туды, дзе белы конь шчыпаў сакавітыя травы, і ніводнага разу не азірнулася.

Панна Нешка ахнула, бездапаможна азірнулася на мяне.

— Рыцар!..

Напэўна, я мог бы тады штосьці зрабіць. Але я падумаў: якая мне справа да гэтага няшчаснага хлопчыка? Яна пагуляецца з ім, як гулялася з іншымі да яго, а пасля ёй надакучыць. Ёй заўжды ўсё надакучвае. Пакуль яны маладзенькія і пяшчотныя, іх улюбёныя позіркі цешаць і радуюць, але чалавечыя сыны хутка — для такіх, як мы, — старэюць, і вянуць, і, нарэшце, паміраюць. Марэна не дачакаецца нават ягонай сталасці, не тое што старасці: не яна першая з нашых паннаў вось так лавіла песняю маладзенькага смяротнага дурня. Не першая і не апошняя.

Над курганамі і над Пушчай, як звычайна, праміналі дні. Зімою княжае паляванне высочвала баязлівых аленяў, чытаючы радкі слядоў па кнізе снежных гурбаў. Спеўна гулі сярэбраныя рагі, сокалы порстка ўзляталі з пальчатак, і ясныя панны з княжага двара, усе спрэс золатавалосыя і зеленавокія, ахалі і пляскалі ў ладкі. Спаборнічалі між сабой лучнікі, хвалячыся трапнасцю ды сілаю рук. Паляванне, Дзікі Гон, ляцела наперад, узбіваючы за сабой цэлую снежную віхуру, са свістам, грукатам і воклічамі неслася па нізкіх хмарах, і тады чалавечыя сыны шчыльней прычынялі дзверы і завешвалі вокны.

Увесну, калі на рацэ нарэшце крануўся лёд, калі прыдворныя паэты зноў пачалі перапяваць старыя песні пра старыя бойкі на новы лад, я пакінуў Двор і вярнуўся да сваёй варты на мяжы. Верны Стаўры шэрым ценем бег за мною, пераскокваючы лужыны ад расталых сумётаў, а дні большалі, і на чорных галінах бяроз каля дарогі абуджаліся да жыцця пахкія пупышкі. Пушча ажывала таксама, напаўнялася галасамі, і рухам, і колерамі, і вячыстыя дрэвы суха рыпелі, нібыта распраўляючы плечы. На курганах з вільготнай чарнаты праклёўваліся тонкія зялёныя парасткі новых траваў, а на стаячых камянях, проста на рунічным пляценні, да паўдня трымаліся цёмныя плямы сырасці.