Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 76

Тор Хейердал

Вялікі бліскучы чорны лоб першага кіта паказаўся не больш чым за два метры ад нас, але раптам ён апусціўся ў ваду, і потым мы ўбачылі, што вялізная сінявата-чорная спіна павольна слізганула пад плыт якраз пад нашымі нагамі. Нейкі час кіт ляжаў там, цёмны і нерухомы, а мы, затаіўшы дух, глядзелі ўніз на гіганцкую выгнутую спіну млекакормячага, куды большага ў даўжыню за ўвесь наш плыт. Потым яно павольна апусцілася ў глыбіню сіняватай вады і знікла з вачэй. Тым часам вакол плыта сабралася ўся чарада, але кіты не звярталі на нас увагі. Напэўна, людзі самі нападалі першымі на тых кітоў, якія рабілі шкоду сваёй велізарнай сілай і тапілі ўдарамі хваста кітабойныя баркасы. Усю раніцу мы бачылі вакол сябе кітоў, якія шумна саплі, у самых неспадзяваных месцах, але ні разу яны не штурханулі ні плыт, ні рулявое вясло. Яны былі цалкам задаволены тым, што спакойна гулялі ў асветленых сонцам хвалях. Але прыблізна а палове дня ўся чарада, быццам па сігналу, нырнула і знікла назаўсёды.

Не толькі кітоў даводзілася нам бачыць у сябе пад плытом. Падняўшы цыноўкі з чароту, на якіх мы спалі, мы маглі праз шчыліны між бярвенняў глядзець проста ўніз у празрыстую сінюю ваду. Паляжаўшы так пэўны час, можна было заўважыць грудны або хваставы плаўнік, які пагойдваўся ў вадзе, а час-ад-часу і ўсю рыбіну. Калі б шчыліны былі на некалькі сантыметраў шырэйшымі, мы маглі б з усімі выгодамі ляжаць у пасцелі з вудаю і лавіць рыбу пад сваімі матрацамі.

Самымі неадступнымі спадарожнікамі плыта былі залатыя макрэлі і лоцманы. Пачынаючы з таго моманту, калі першыя залатыя макрэлі далучыліся да нас у плыні Гумбольдта за бухтай Кальяо, не было таго дня за ўвесь час падарожжа, каб мы не бачылі буйных экземпляраў, якія звіваліся вакол нас. Што прыцягвала іх да плыта, мы не ведалі; магчыма, іх таямніча вабіла тое, што можна плаваць у цяньку, маючы над сабою дах, які няспынна рухаецца; а мо’, іх вабіла ежа, якую яны знаходзілі ў нашым агародзе з водарасцей і ракавінак, што махрамі звісалі з усіх бярвейняў і рулявога вясла. Абрастанне пачалося з тонкага роўнага слою зеляніны, але потым зялёныя нарасці водарасцей сталі павялічвацца з надзвычайнай хуткасцю, так што «Кон-Цікі», карабкаючыся па хвалях, меў выгляд нейкага барадатага марскога бога. А сярод зялёных водарасцей быў любімы прытулак малюсенькіх малявак і нашых безбілетных пасажыраў — крабаў. Адзін час плыт запаланілі мурашкі. У некаторых бярвеннях былі дробныя чорныя мурашкі, і калі мы апынуліся ў моры і драўніна пачала ўбіраць у сябе вільгаць, мурашкі выпаўзлі і перабраліся ў спальныя мяшкі. Яны былі ўсюды і так кусалі і мучылі нас, што мы пачалі пабойвацца, каб яны не выжылі нас з плыта. Але паступова, калі ў акіяне нас пачало ўсё часцей заліваць хвалямі, мурашкі зразумелі, што такія ўмовы не для іх, і толькі некалькі паасобных насякомых вытрымалі падарожжа цераз акіян. Лепей за ўсіх, таксама як і крабы, адчувалі сябе на плыце марскія качачкі даўжынёю 25—40 міліметраў. Яны пладзіліся сотнямі, асабліва на падветраным баку плыта, і як толькі мы адсылалі дарослых рачкоў у кацёл на суп, маладыя лічынкі ўкараняліся і ішлі ў рост. Рачкі гэтыя мелі свежы і прыемны смак; для салаты мы бралі водарасці — іх таксама можна было есці, але яны былі не такія смачныя. Фактычна мы ні разу не бачылі, каб залатыя макрэлі жывіліся ў агародзе, але яны раз-по-раз паварочваліся сваім бліскучым брухам угору і падплывалі пад бярвенні.