Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 59

Тор Хейердал

На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.

Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.

Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.

У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.

Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.

Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.