Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 58

Тор Хейердал

Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.