Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 50

Тор Хейердал

Было ўжо далёка за поўдзень, калі мы рушылі ў дарогу. «Гуардзіян Рыас» павінен быў буксіраваць нас да раніцы, пакуль мы не выйдзем за межы берагавых водаў. Як толькі мы мінулі мол, насустрач нам пакаціліся вялізныя хвалі, і ўсе маленькія лодкі, якія суправаджалі нас, адна за адной павярнулі назад. Толькі некалькі вялікіх яхт правялі нас да выхаду з бухты, каб паглядзець, як пойдуць нашы справы далей.

«Кон-Цікі» рухаўся ўслед за буксірам, нібы сярдзіты казёл, якога цягнуць на вяроўцы, і зарываўся носам у сустрэчныя хвалі так, што вада залівала палубу. Гэта не абяцала нічога добрага — хвалі на моры былі зусім невялікія ў параўнанні з тымі, якія чакалі нас у будучым. Пасярод бухты буксірны канат лопнуў, і наш канец яго спакойна апусціўся на дно, між тым як «Гуардзіян Рыас» плыў усё далей і далей.

Мы кінуліся да борта плыта, каб вылавіць канец каната, а яхты памчаліся наперад, спрабуючы спыніць параход. Пякучыя мядузы велічынёй з добры цабэрак падымаліся і апускаліся разам з хвалямі ўздоўж плыта і абляпілі ўсе вяроўкі слізкім слоем пякучага студзеню. Калі плыт хіліўся на адзін бок, мы, лежачы ніцма, перагіналіся цераз борт і стараліся дацягнуцца рукой да паверхні вады, але нашы пальцы толькі закраналі слізкі канат. Потым плыт зноў хіліўся ў другі бок, і нашы галовы акуналіся ў хвалю, а салёная вада і вялізныя мядузы перакочваліся цераз нашы спіны. Мы пляваліся, лаяліся, выцягвалі з валасоў клейкія часцінкі мядуз, але калі буксір вярнуўся, канец каната быў выцягнуты і падрыхтаваны, каб злучыць нас з параходам.

Мы збіралігя закінуць яго на борт буксіра, як раптам нас нечакана панесла пад тырчаўшую карму парахода. Плыт магло вось-вось прыціснуць хвалямі да кармы і раздушыць. Забыўшы пра ўсё на свеце, мы схапілі бамбукавыя жэрдкі і вёслы і стараліся, пакуль не позна, адпіхнуцца. Але гэта нам ніяк не ўдавалася: калі плыт знаходзіўся ў яміне паміж дзвюма хвалямі, мы не маглі дацягнуцца да кармы, што навісла над намі, а як толькі плыт узнімаўся на хвалі, уся карма «Гуардзіян Рыас» апускалася ў ваду і адразу расплюшчыла б нас, калі б плыт зацягнула пад яе. Наверсе, на палубе буксіра, людзі мітусіліся і крычалі; нарэшце вінт запрацаваў ля самага борта плыта, і ў апошнюю хвіліну ўзнятая вінтом хваля адкінула нас убок. Нос плыта атрымаў некалькі моцных удараў і крыху змяніў сваю форму, але потым паступова выраўняўся.

— Калі такі кепскі пачатак, дык канец затое павінен быць добрым, — сказаў Герман. — Хутчэй бы кончылася гэтая валтузня: ад такой трасяніны плыт можа кожную хвіліну разваліцца.

«Гуардзіян Рыас» вёў нас на буксіры ўсю ноч; мы плылі павольна і амаль без затрымак. Яхты даўно развіталіся з намі, апошнія берагавыя агні зніклі ў нас за кармой. Зрэдку ў цемры праплывалі агні караблёў, што перасякалі нашу дарогу. Мы падзялілі ноч на вахты, каб сачыць за буксірным канатам, і ўсім удалося някепска выспацца. Назаўтра раніцай, калі пачало днець, густы туман вісеў над берагам Перу, між тым як перад намі на захадзе было зусім чыстае блакітнае неба. Па акіяну каціліся доўгія спакойныя хвалі з невялікімі грабянямі; наша адзенне, бярвенні і ўсё, за што мы ні браліся, намокла ад расы. Было халаднавата, і зялёная вада вакол нас была на дзіва сцюдзёнай для 12° паўднёвай шырыні. Мы знаходзіліся ў плыні Гумбольдта, якая несла халодныя масы вады з Антарктыкі на поўнач уздоўж берагоў Перу, а потым паварочвала на захад і перасякала акіян, ідучы пад самым экватарам. Якраз у гэтых водах Пісара, Сараце і іншыя старажытныя іспанцы ўпершыню сустрэлі вялікія парусныя плыты індзейцаў-інкаў, якія заплывалі звычайна на 50 — 60 міль ад берага для лоўлі тунцоў і залатой макрэлі ў самой плыні Гумбольдта. Увесь дзень тут дзьмуў вецер з берага, але пад вечар ён пачынаў дзьмуць у працілеглы бок і дапамагаў рыбакам вярнуцца дамоў, калі яны гэтага хацелі.