Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 49

Тор Хейердал

Тым часам Эрык і Бенгт, не спяшаючыся, спускаліся да набярэжнай з ахапкам газет і часопісаў і рознай дробяззю ў руках. Насустрач ім ішоў натоўп людзей, якія разыходзіліся па хатах; нарэшце ля паліцэйскай заставы іх спыніў нейкі паслужлівы чын, які паведаміў ім, што глядзець больш няма на што. Бенгт, грацыёзна размахваючы цыгарай, запярэчыў паліцэйскаму, што яны прыйшлі не як гледачы; яны самі павінны плысці на плыце.

— Гэта немагчыма, — спагадліва сказаў паліцэйскі. — «Кон-Цікі» адплыў гадзіну таму назад.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Эрык, дастаючы адзін з пакетаў. — У мяне тут ліхтар!

— А вось гэта штурман, — дадаў Бенгт, — а я суднавы аканом.

Яны прарваліся праз ланцуг, але плыта сапраўды не было.

У роспачы яны хадзілі сюды-туды па молу, дзе і сустрэліся з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія таксама нецярпліва шукалі свой знікшы плыт. Тут яны ўбачылі кацер, які падыходзіў да берага, і неўзабаве мы ўсе былі, нарэшце, разам, і вада вакол плыта запенілася, калі «Гуардзіян Рыас» павёў нас на буксіры да адкрытага акіяна.