Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 28

Тор Хейердал

— Некаторыя з гэтых індзейцаў палююць і на галовы, — замагільным голасам паведаміў Хорхе, бачачы, што Герман не выказвае ніякіх адзнак трывогі і спакойна аплятае смажаніну, запіваючы яе чырвоным віном.

— Вы думаеце, што я перабольшваю, — шэптам гаварыў ён далей. — Але хоць гэта строга забаронена, у нас ёсць яшчэ людзі, якія зарабляюць на жыццё тым, што прадаюць высушаныя чалавечыя галовы. Гэтаму гандлю няма як пакласці канец, бо і зараз лясныя індзейцы адсякаюць галовы ў сваіх ворагаў з іншых вандроўных плямёнаў. Яны разбіваюць і дастаюць косці чэрапа, а пустую скуру галавы напаўняюць гарачым пяском; галава зморшчваецца і робіцца не большай за кашэчую, але форма застаецца ранейшай, і рысы твару захоўваюцца. Гэтыя зморшчаныя галовы ворагаў калісьці былі каштоўнымі трафеямі, цяпер яны з’яўляюцца дэфіцытным таварам на чорным рынку. Метысы-пасрэднікі прывозяць іх гандлярам на ўзбярэжжа, а тыя перапрадаюць турыстам па нечуваных цэнах.

Хорхе пераможна паглядзеў на нас. Ён і не здагадваўся, што днём Германа і мяне зацягнулі ў пакой швейцара і прапанавалі купіць дзве такія галавы па тысячы сукрэ за штуку. Гэтыя галовы цяпер часта падрабляюць, пускаючы ў ход галовы малпаў, але тыя, што нам паказалі, былі самыя сапраўдныя галовы чыстакроўных індзейцаў. Яны так добра захаваліся, што можна было разгледзець найдрабнейшыя рысы твару. Гэта былі галовы мужчыны і жанчыны, кожная велічынёй з апельсін; жанчына была вельмі прыгожанькая, хоць толькі вейкі і доўгія чорныя валасы захавалі свае натуральныя памеры. Я скалануўся ад гэтага ўспаміну, але выказаў сумненне, што наўрад каб паляўнічыя за галовамі сустракаліся на захад ад гор.