Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 27

Тор Хейердал

— У майго брата вялікая плантацыя бальзавых дрэў, — сказаў дон Густава. — Яго завуць дон Федарыка, і ён жыве ў Ківеда, невялікім пасёлку сярод джунгляў. Ён забяспечыць вас усім, што вам патрэбна, як толькі мы здолеем наладзіць з ім сувязь пасля дажджоў. Цяпер нічога не выйдзе, бо ў джунглях ідуць дажджы.

Калі дон Густава сказаў, што нічога не выйдзе, то і ўсе спецыялісты Эквадора па бальзавых дрэвах таксама скажуць, што нічога не выйдзе. Такім чынам, мы былі ў Гуаякіле без ніводнага бервяна для плыта і не мелі магчымасці паехаць і самім ссячы дрэвы; такая магчымасць з’явіцца толькі праз некалькі месяцаў, калі будзе ўжо занадта позна.

— Час не чакае, — сказаў Герман.

— I мы павінны дастаць бальзавыя дрэвы, — сказаў я. — Трэба, каб плыт быў дакладнай копіяй, інакш мы наўрад ці застанемся ў жывых.

Маленькая школьная карта, якую мы дасталі ў гасцініцы, з зялёнымі джунглямі, карычневымі гарамі і чырвонымі кружочкамі населеных пунктаў расказала нам, што джунглі няспынна цягнуцца ад берагоў Ціхага акіяна да самага падножжа магутных Андаў. У мяне з’явілася думка. Зараз было зусім відавочна, што дабрацца з узбярэжнага раёна праз джунглі да Ківеда, дзе растуць бальзавыя дрэвы, немагчыма. Але што, калі мы паспрабуем дабрацца да іх з супрацьлеглага боку, спусціўшыся ў гушчар джунгляў з аголеных снегавых ланцугоў Андаў? Гэта было выйсце, адзінае выйсце ў нашым становішчы.

На аэрадроме меўся невялікі грузавы самалёт, на якім нас згадзіліся адвезці ў Кіта, сталіцу гэтай своеасаблівай краіны, размешчанай на горным плато ў Андах на вышыні 3 000 метраў над узроўнем мора. Сяк-так прымасціўшыся сярод скрынак і самалётнага абсталявання, мы раз-по-раз паглядалі на зялёныя джунглі і зіхатлівыя рэкі, пакуль самалёт не ўвайшоў у воблакі. Калі мы вынырнулі з іх, бязмежнае мора туману, што клубіўся пад намі, закрыла даліны ад нашых вачэй, але наперадзе на фоне асляпляльна блакітнага неба з воблакаў паказаліся суровыя схілы гор і голыя скалы.

Самалёт лез проста ўверх уздоўж схілу гор, быццам па нябачнаму фунікулёру, і хоць мы знаходзіліся над самым экватарам, перад намі цягнуліся зіхатлівыя снегавыя палі. Потым мы нырнулі між скал і апынуліся над высакагорным плато, пакрытым багатай веснавой расліннасцю; там мы прызямліліся паблізу ад самай своеасаблівай на свеце сталіцы.

Са ста пяцідзесяці тысяч жыхароў Кіта большасць з’яўлялася чыстакроўнымі горнымі індзейцамі і метысамі, паколькі гэта была сталіца іх продкаў яшчэ задоўга да таго, як Калумб і паўночнаеўрапейцы адкрылі Амерыку. Горад меў сваё адметнае аблічча дзякуючы старадаўнім манастырам, дзе захоўваліся вельмі каштоўныя скарбы мастацтва, і іншым велічным будынкам эпохі іспанскага панавання, якія ўзвышаліся над дахамі нізкіх дамоў індзейцаў, пабудаваных з неабпаленай цэглы. Цэлы лабірынт вузкіх вуліц цягнуўся сярод гліняных сцен; вулачкі кішэлі горнымі індзейцамі ў спярэшчаных чырвонымі плямамі плашчах і высокіх самаробных капелюшах. Адны, паганяючы нагружаных аслоў, ішлі на рынак, другія сядзелі, згорбіўшыся, уздоўж глінабітных сцен і драмалі на сонцы. Некалькі аўтамабіляў з арыстакратамі іспанскага паходжання, апранутымі ў трапічныя касцюмы, праехалі адзін за адным, павольна рухаючыся і няспынна сігналячы, каб пракласці сабе дарогу сярод дзяцей, аслоў і басаногіх індзейцаў. Паветра тут, на высокім плато, было такое празрыстае, што навакольныя горы здаваліся часткай вулічнага пейзажу і рабілі яго яшчэ больш казачным. Наш прыяцель па самалёту Хорхе, па мянушцы «шалёны лётчык», быў па паходжанню са старадаўняй іспанскай сям’і ў Кіта. Ён знайшоў для нас месца ў пацешнай старамоднай гасцініцы, а потым пачаў гойсаць па гораду, то з намі, то адзін, шукаючы які-небудзь транспарт, каб мы маглі на ім пераваліць цераз горы, а потым, па джунглях, дабрацца да Ківеда. Увечары мы сустрэліся ў старадаўнім іспанскім кафэ, і Хорхе расказаў нам кепскія навіны: мы павінны выкінуць з галавы нават думку аб паездцы ў Ківеда. Нельга знайсці ні экіпажа, ні праваднікоў для пераезду цераз горы; і, тым больш, вядома, не можа быць і гаворкі аб падарожжы ў джунглі, дзе пачаліся дажджы і дзе падарожнікі маглі апынуцца пад пагрозай нападу, калі яны засядуць у гразі. Усяго толькі год назад дзесяць амерыканскіх інжынераў-нафтавікоў былі забіты атручанымі стрэламі ва ўсходняй частцы Эквадора. Тут і цяпер жыве шмат лясных індзейцаў, якія бадзяюцца зусім голыя па джунглях і палююць з дапамогай атручаных стрэл.