Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 163

Тор Хейердал

Гэтыя чыстыя сэрцам людзі, што стаялі на моле і спявалі, трацілі шэсць сваіх сяброў, а мы, шэсць чалавек, што моўчкі стаялі на палубе «Тамары», пакуль мол не схаваўся за пальмамі, а пальмы не зніклі ў акіяне, мы тратілі 127 сяброў. У вушах у нас не пераставала звінець дзівосная экзатычная мелодыя:

«...няхай у нас будуць адны і тыя ж успаміны, каб мы заўсёды маглі быць разам — нават тады, калі вы паедзеце ў далёкую краіну. Добры дзень».

Праз чатыры дні перад намі паўстаў з акіяна востраў Таіці. Ён не быў падобны на нітку жамчужын з кронамі пальмаў. Дзікія зубчастыя сінія горы ўзнімаліся да неба, і верхавіны іх былі ахутаны воблакамі, якія нагадвалі вянкі.

З набліжэннем да вострава на сініх гарах паказаліся зялёныя схілы. Пышная расліннасць поўдня зялёнымі плямамі збягала па рыжа-чырвоных узгорках і скалах, якія змяняліся глыбокімі цяснінамі і далінамі, што спускаліся да мора. Калі бераг быў ужо зусім блізка, мы ўбачылі стройныя пальмы, якія шчыльна абступалі ўсе даліны і ўвесь бераг за залацістым пляжам. Востраў Таіці быў калісьці ўтвораны вулканамі. Цяпер яны патухлі, і каралавыя паліпы паступова збудавалі ахоўны рыф вакол вострава, каб акіян не мог разбурыць яго.

Раніцай мы прайшлі праліў паміж рыфамі і апынуліся ў бухце Папеэце. Перад намі ўзвышаліся напалову схаваныя лісцем гіганцкіх дрэў і верхавінамі пальмаў царкоўныя шпілі і чырвоныя дахі дамоў. Папеэце — сталіца Таіці, адзіны горад у французскіх уладаннях у Акеаніі. Гэта быў горад забаў, рэзідэнцыя ўрада і цэнтр усіх марскіх шляхоў ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.

Калі мы ўвайшлі ў бухту, жыхары Таіці стаялі на беразе шчыльнай яркай жывой сцяною і чакалі нас. Навіны распаўсюджваюцца на Таіці з хуткасцю ветру, і кожнаму хацелася паглядзець на пае-пае, які прыплыў з Амерыкі.

Для «Кон-Цікі» было адведзена ганаровае месца ля марскога бульвара; мэр Папеэце вітаў нас, а маленькая палінезійская дзяўчынка паднесла нам ад імя Палінезійскага таварыства вялізны букет таіцянскіх палявых кветак. Потым падышлі маладыя дзяўчаты і, вітаючы нас са шчаслівым прыездам на Таіці, жамчужчыну Паўднёвага мора, надзелі нам на шыю салодка пахнучыя вянкі з белых кветак.

Я шукаў у натоўпе знаёмы твар, твар майго прыёмнага бацькі на Таіці, правадыра Тэрыыероо, якому падначальваліся 17 мясцовых правадыроў вострава. Вядома, ён быў тут. Высокі і дзябёлы, жвавы і вясёлы, як калісьці, ён вынырнуў з натоўпу з крыкам «Тэраі Мацеата!» і ўсміхаўся мне ўсім сваім шырокім тварам. Ён моцна пастарэў, але меў усё той жа паважны выгляд прыроднага правадыра.

— Позна ты з’явіўся, — сказаў ён, усміхаючыся, — але ты з’явіўся з добрымі навінамі. Твой пае-пае сапраўды прынёс на Таіці сіняе неба (тэраі мацеата), бо мы цяпер ведаем, адкуль прыйшлі нашы бацькі.

Губернатар наладзіў прыём у сваім палацы, быў званы вечар у гарадской ратушы, запрашэнні сыпаліся на нас з усіх бакоў гасціннага вострава.

Як і калісьці, правадыр Тэрыыероо наладзіў вялікае свята ў сябе ў доме ў даліне Папена, які я так добра ведаў; і паколькі Таіці не Рароіа, то і тут не абышлося без новай цырымоніі, у час якой мае таварышы, якія раней не мелі таіцянскіх імён, атрымалі іх.