Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 133

Тор Хейердал

Калі настаў вечар, споўнілася сто дзён нашага плавання па акіяне. Позна ўночы я прачнуўся з нейкім дзіўным трывожным пачуццём. Было штосьці незвычайнае ў руху хваляў. «Кон-Цікі» рухаўся зусім не так, як ён павінен быў бы плыць у гэтых умовах. Мы зрабіліся вельмі адчувальнымі да змен у рытме руху бярвенняў. Я адразу ж падумаў аб з’явах зваротнага руху вады ад берага, да якога мы набліжаліся, і сюд-туд выходзіў на палубу і залазіў на мачту. Нічога не было відаць, апрача акіяна. Але я не мог спакойна спаць. Час ішоў.

На досвітку, а шостай гадзіне, Тарстэйн паспешліва спусціўся з верхавіны мачты. Далёка наперадзе ён убачыў цэлы рад маленькіх, зарослых пальмамі астравоў. Перш за ўсё мы павярнулі рулявое вясло так, каб нос плыта глядзеў як мага больш на поўдзень. Тое, што бачыў Тарстэйн, былі, напэўна, маленькія каралавыя астравы, якія, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, ляжаць за рыфам Рароіа. Відаць, нас падхапіла плынь, што ішла на поўнач.

У 7 гадзін 30 мінут ланцуг зарослых пальмамі астравоў паказаўся ўздоўж усяго небасхілу на захадзе. Самы паўднёвы з іх знаходзіўся амаль проста наперадзе на нашым курсе; такім чынам, уздоўж усяго небасхілу справа ад нас цягнуліся астравы з купамі пальмаў, далей на поўнач астравы ператвараліся ў малюсенькія, ледзь прыкметныя кропкі. Да бліжэйшага вострава было чатыры ці пяць міль.

Агляд з верхавіны мачты паказаў, што хоць нос плыта накіраваны да крайняга вострава ў ланцугу, плыт так моцна зносіла ўбок, што мы плылі не ў тым напрамку, куды глядзеў нос. Мы рухаліся па дыяганалі, проста да рыфа. Калі б кілі былі замацав,аны, у нас заставалася б яшчэ нейкая надзея праскочыць. Але акулы плылі за самай кармой, і мы не маглі нырнуць пад плыт і замацаваць расхістаныя кілі новымі вяроўкамі.

Мы зразумелі, што нам засталося правесці на «Кон-Цікі» ўсяго некалькі гадзін. Іх трэба было выкарыстаць для падрыхтоўкі да непазбежнага крушэння на каралавым рыфе. Мы вырашылі, што павінен рабіць кожны з нас, калі гэты момант настане; кожны ведаў свае абавязкі; мы не будзем мітусіцца і наступаць адзін аднаму на ногі, калі пачнецца катастрофа і будзе дарагой кожная секунда. «Кон-Цікі» падымаўся і апускаўся, а вецер нёс нас на рыф. Ужо не было сумненняў, што бязладныя горы хваль наперадзе нас утвараюцца над рыфамі—частка хваль ішла наперад, а астатнія, разбіўшыся аб перашкоду, што паўстала на іх шляху, імкліва адкочваліся назад.

Мы ўсё яшчэ плылі з узнятым парусам, спадзеючыся, што нават цяпер нам удасца праслізнуць міма рыфаў. Калі «Кон-Цікі», якога ўвесь час адносіла плынню, пачаў паступова набліжацца да іх, мы ўбачылі з мачты, што ўвесь ланцуг зарослых пальмамі астраўкоў злучаны каралавымі рыфамі, якія ў адных месцах тырчалі над вадой, а ў другіх — былі схаваны пад ёю; гэтыя рыфы чымсьці нагадвалі мол, аб які, круцячыся белай пенай і высока ўзнімаючыся ў паветра, разбіваліся хвалі. Авальны атол Рароіа мае ў дыяметры 25 міль, не лічачы рыфаў Такуме, якія прымыкаюць да яго. Увесь больш доўгі бок атола цягнуўся з поўначы на поўдзень, і мы набліжаліся да яго з усходу. Сам рыф, што распасціраўся суцэльнай лініяй з аднаго краю небасхілу да другога, знаходзіўся ад нас усяго за некалькі соцень метраў, а за ім ляжалі ідылічныя астраўкі, якія кальцом акружалі ціхую ўнутраную лагуну.