Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 132

Тор Хейердал

Калі пірогі ўзнімаліся на хвалях, Кнут і яго спадарожнікі бачылі далёка ў акіяне цьмяныя светавыя сіпналы з плыта. Доўгія вузкія палінезійскія пірогі, з вострымі балансірамі для ўстойлівасці, рэзалі ваду, як нажы, але Кнуту здавалася, што мінула цэлая вечнасць, перш чым ён зноў адчуў пад нагамі тоўстыя круглыя бярвенні «Кон-Цікі».

— Добра правялі час на беразе? — з зайздрасцю спытаў Тарстэйн.

— О, каб вы толькі бачылі, якія дзяўчаты на востраве! — паддражніў яго Кнут.

Не падымаючы паруса і не апускаючы вясла за борт, мы ўсе ўшасцёх залезлі ў бамбукавую каюту і спалі, як глыбы каралаў на беразе Ангатау. Тры дні мы плылі па акіяне, не бачачы ні’якай зямлі.

Нас несла проста да злавесных рыфаў, якія акружалі астравы Такуме і Рароіа і на 40—50 міль перагароджвалі акіян наперадзе нас. Мы прыкладвалі ўсе намаганні, каб пазбегнуць сустрэчы з гэтымі небяспечнымі рыфамі і абмінуць іх з поўначы; усё ішло як быццам добра, пакуль аднаго разу ўночы вахтавы не прыбег у каюту і не паклікаў нас усіх на палубу.

Вецер змяніўся. Нас несла проста на рыф Такуме. Пачаўся дождж, і было вельмі кепска відаць, што робіцца наперадзе. Да рыфа заставалася недалёка.

Сярод ночы мы сабралі ваенны савет. Цяпер справа ішла аб выратаванні жыцця. Абмінуць рыф з поўначы не было ўжо ніякай надзеі, мы павінны паспрабаваць прайсці з паўднёвага боку. Мы падцягнулі парус, павярнулі рулявое вясло і рушылі ў небяспечнае плаванне, маючы за кармой няўстойлівы паўночны вецер. Калі ўсходні вецер зноў падзьме да таго, як мы паспеем мінуць увесь доўгі пяцідзесяцімільны бар’ер рыфаў, мы апынемся сярод бурунаў цалкам у іх уладзе.

Мы дамовіліся аб усім, што трэба будзе рабіць, калі аварыя стане непазбежнай. Чаго б гэта ні каштавала мы павінны заставацца на борце «Кон-Цікі». Мы не павінны залазіць на мачту, адтуль мы будзем сыпацца, як пераспелыя грушы, а павінны моцна трымацца за шкоты і ванты мачты, калі хвалі будуць перакочвацца цераз нас. Мы паклалі на палубу нічым не замацаваны гумавы плыт і прывязалі да яго маленькі воданепранікальны радыёперадатчык, невялікі запас прадуктаў, бутлі з вадой і запас медыкаментаў. Гумавы плыт прыб’е да берага незалежна ад нас, і ён вельмі спатрэбіцца, калі нам самім удасца шчасліва, але з пустымі рукамі перабрацца цераз рыф. На карме «Кон-Цікі» мы прывязалі доўгую вяроўку з буем, які таксама будзе прыбіты да берага: пры дапамозе яе мы будзем мець магчымасць паспрабаваць падцягнуць драўляны плыт, калі ён засядзе на рыфе. Пасля гэтага мы ляглі спаць.

Пакуль дзьмуў паўночны вецер, мы павольна, але няўхільна плылі ўздоўж бар’ера каралавых рыфаў, што прытаіліся ў засадзе за небасхілам. Але вось неяк пасля паўдня вецер сціх, а калі ён аднавіўся, то дзьмуў ужо з усходу. Паводле вызначэнняў Эрыка, мы ў гэты час забраліся ўжо так далёка на поўдзень, што была сякая-такая надзея мінуць самы паўднёвы край рыфа Рароіа. Мы павінны паспрабаваць абмінуць яго і схавацца за ім, перш чым рухацца далей да наступных рыфаў.