Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 122

Тор Хейердал

А палове дзевятай Пука-Пука схаваўся ў акіяне ззаду ў нас, але яшчэ да адзінаццаці гадзін з верхавіны мачты мы маглі бачыць бледную блакітную палоску над усходнім небасхілам. Потым і яна знікла, і толькі высокае кучава-дажджавое воблака, што нерухома вісела ў небе, паказвала нам, дзе знаходзіцца Пука-Пука. Птушкі зніклі. Яны лічаць за лепшае трымацца наветранага боку вострава, каб вецер дапамагаў ім, калі яны будуць увечары вяртацца дадому з поўным страўнікам. Залатых макрэлей таксама амаль не было відаць, і нас суправаджала толькі некалькі лоцманаў, якія плылі пад плытом.

У гэты вечар Бенгт сказаў, што ён марыць аб стале і крэсле, бо вельмі стаміўся чытаць, лежачы то на спіне, то на жываце. Зрэшты, ён рад, што нам не ўдалося падплыць да берага, бо ён не паспеў яшчэ прачытаць тры кнігі. Тарстэйну раптам захацелася яблыкаў. А я сам прачнуўся ўночы ад зусім выразнага цудоўнага паху біфштэкса з цыбуляй. Але высветлілася, што так пахне брудная кашуля.

Назаўтра раніцай мы ўбачылі два новыя воблакі, якія ўзнімаліся ля небасхілу, нагадваючы дым двух паравозаў. Па карце мы ўстанавілі, што каралавыя астравы, над якімі гэтыя воблакі ўзвышаліся, называюцца Фангахіна і Ангатау. Вецер дзьмуў так, што воблака над Ангатау знаходзілася ад нас у больш зручным напрамку; таму, моцна прывязаўшы вясло, мы ўзялі курс на Ангатау, а самі спакойна цешыліся цудоўным спакоем і цішынёй Ціхага акіяна. Пры добрым надвор’і жыццё на бамбукавай палубе «Кон-Цікі» было вельмі прыемным, і мы з асалодай прагна ўбіралі ў сябе ўсе ўражанні, упэўненыя ў блізкім заканчэнні нашага падарожжа, што б там ні чакала нас наперадзе.

На працягу трох сутак мы плылі ў напрамку воблака над Ангатау; надвор’е стаяла цудоўнае, рулявое вясло само вяло нас па курсу, і плынь не выкідвала з намі ніякіх жартаў. Раніцай чацвёртага дня Тарстэйн у шэсць гадзін змяніў на вахце Германа, і той сказаў яму, што ён пры святле месяца як быццам бачыў абрысы нізкага вострава. Калі неўзабаве ўзышло сонца, Тарстэйн прасунуў галаву ў дзверы каюты і крыкнуў: