Читать «Планета людзей» онлайн - страница 178
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Вылятаючы, я хацеў нешта набыць раней, чым аддаць самому. Маё жаданне было бязглуздае. Яно нагадвала той сумны ўрок граматыкі. Перш чым набыць, неабходна аддаць, — перш чым пасяліцца ў доме, неабходна пабудаваць яго.
Мая любоў да сваіх заснавана на тым, што я гатовы аддаць за іх сваю кроў, як любоў маці заснавана на тым, што яна аддае дзіцяці сваё малако. Менавіта ў гэтым уся таямніца. Каб даць жыццё любові, неабходна пачынаць з самаахвяравання. Потым любоў можа натхніць на новыя ахвяраванні, і яны прывядуць да новых перамог. Чалавек заўсёды мусіць зрабіць першы крок. Перш чым існаваць, ён павінен нарадзіцца.
Па звароце з задання я ўжо адчуў сваю роднасць з пляменніцай фермера. Яе ўсмешка была такая чыстая, і праз гэтую ўсмешку я ўбачыў маю вёску. А праз маю вёску — маю краіну. А праз маю краіну — іншыя краіны. Бо я неаддзельны ад духоўнай культуры, якая сваёй асновай абрала Чалавека. Я неаддзельны ад групы 2/33, якая выказала гатоўнасць змагацца за Нарвегію.
Можа здарыцца, што заўтра Аліяс пашле мяне на іншае заданне. Сёння я надзяваў сваю лётную рызу, каб служыць богу, якога не бачыў — бо быў сляпы. Агонь над Арасам сарваў заслону з маіх вачэй, і я авідушчаў. Тыя, ад каго я неаддзельны, таксама авідушчалі.
I калі на досвітку я зноў узлячу ў неба, я ўжо буду ведаць, за што я змагаюся.
Але я хачу запомніць, што ўбачыў. А для гэтага я маю патрэбу ў звычайным Сімвале Веры.
Я буду змагацца за прымат Чалавека над паасобнай асобай, — як агульнага над прыватным.
Я веру, што культ Агульнага ўзвышае і яднае ў адно духоўныя скарбы паасобных асоб і засноўвае адзіную сапраўдную гармонію — гармонію жыцця. Дрэва — сама гармонія, хоць карані яго і не падобныя на крону.
Я веру, што культ паасобных асоб спавадуе толькі смерць, бо ён імкнецца заснаваць гармонію на падабенстве. Ён падмяняе адзінства Сутнасці тоесамасцю яе частак. I разбурае храм, каб выкласці ў рад складаючыя яго камяні. Пагэтаму я буду змагацца супроць кожнага, хто стане абвяшчаць перавагу нейкага аднаго абраду над другім, нейкага аднаго народа — над іншымі народамі, адной расы — над іншымі расамі, нейкай адной думкі — над іншымі думкамі.
Я веру, што прымат Чалавека закладвае аснову толькі Роўнасці і Свабодзе, адзіна якія і маюць сэнс. Я веру ў роўнасць правоў Чалавека ў кожнай асобе. I веру, што Свабода — гэта Свабода ўзыходжання Чалавека. Роўнасць не ёсць тоесамасць. Свабода не ёсць узвялічванне асобы на шкоду Чалавеку. Я буду змагацца супроць кожнага, хто задумае падначаліць свабоду Чалавека адной нейкай асобе ці сукупнасці асоб.
Я веру, што мая духоўная культура імянуе Любоўю да бліжняга дабравольную самаахвярнасць, якая прыносіцца Чалавеку, каб сцвердзіць ягонае царства. Любоў да бліжняга ёсць дар Чалавеку, які прыносіцца праз пасрэдніцтва асобы. Яна засноўвае Чалавека. Я буду змагацца супроць кожнага, хто, сцвярджаючы, што мая любоў да бліжняга ганаруе пасрэднасць, стане адмаўляць Чалавека і гэтым самым замкне асобу ў турму безвыходнай пасрэднасці.