Читать «Планета людзей» онлайн - страница 176

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Самае ж галоўнае ў тым, што наша кепска разуметая Любоў да бліжняга выступала супроць самой сябе. Аснаваная выключна на жаласлівасці, яна адмовіла б нам у люб-якім выхаваўчым пакаранні. Сапраўдная Любоў да бліжняга, якая ёсць служэнне Чалавеку, а не паасобнай асобе, наканоўвала нам змаганне з асобай, каб узвысіць у ёй Чалавека.

Так мы страцілі Чалавека. А страціўшы Чалавека мы пазбавілі цеплыні тое самае братэрства, якое прапаведавала наша духоўная культура, бо братам магчыма быць толькі ў нечым і немагчыма быць братамі наогул. Дзяліцца з некім яшчэ не азначае быць яму братам. Братэрства ўзнікае толькі ў самаахвяраванні. Яно ўзнікае ў агульным дарунку нечаму болей велічнаму, чым мы самі. Але, падмяніўшы гэты корань любога сапраўднага быцця бясплённым здрабненнем, мы звялі наша братэрства толькі да ўзаемнай маўклівай цярплівасці.

Мы перасталі даваць. Але калі я гатовы даваць толькі самому сабе, я нічога не атрымліваю, бо я не ствараю нічога такога, ад чаго я неаддзельны, а значыць, я — нішто. I калі ад мяне пачнуць вымагаць, каб я памёр дзеля нейкіх выгод, я адмоўлюся паміраць. Выгода найперш за ўсё загадвае жыць. Якое парыванне любові акупіць маю смерць? Паміраюць за дом, а не за рэчы і сцены. Паміраюць за храм — не за камяні. Паміраюць за народ — не за натоўп. Паміраюць з любові да Чалавека, калі ён аснова Супольнасці. Паміраюць толькі за тое, дзеля чаго варта жыць.

Наш лексікон, здавалася, амаль не зыначыўся, аднак словы, калі мы спрабавалі імі карыстацца, страціўшы свой рэальны сэнс, вялі нас да безвыходных супярэчнасцей. I мы былі змушаны заплюшчваць вочы на гэтыя звады. Не ўмеючы будаваць, мы змушаны былі пакінуць сярод поля кучу камення і з апаскаю гаварыць пра Калектыў, не смеючы ўдакладняць, што мы маем на ўвазе, бо на самой справе мы мелі на ўвазе нешта неіснавальнае. Слова «Калектыў» не мае сэнсу датуль, пакуль Калектыў не нітуецца нечым. Сукупнасць не ёсць Сутнасць.

Калі наша Грамадства яшчэ мела права на існаванне, калі ў ім яшчэ захоўвалася нейкая павага да Чалавека, дык таму толькі, што сапраўдная духоуная культура, якой мы здраджвалі сваім невуцтвам, усё яшчэ выпраменьвала сваё асуджанае святло і без нашага ведама ратавала нас.

Як нашы праціўнікі здолелі зразумець тое, чаго ўжо не разумелі мы самі? Яны бачылі ў нас толькі кучу камянёў. Яны спрабавалі вярнуць сэнс Калектыву, сэнс, які мы самі ўжо не ўмелі растлумачыць, бо забыліся пра Чалавека.