Читать «Планета людзей» онлайн - страница 177
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Адны з іх адразу ж, нядоўга думаючы, прыйшлі да крайніх лагічных вывадаў. Кучы камянёў яны надалі самагоднае значэнне. Камяні павінны быць атаясамлены з камянямі. I кожны камень падначалены толькі самому сабе. Анархія яшчэ помніць пра культ Чалавека, але цалкам пераносіць яго на паасобныя асобы. I гэта вядзе да супярэчнасцей, яшчэ болей непрымірымых, чым нашы.
Іншыя пазбіралі камяні, бязладна параскіданыя сярод поля. Яны прапаведавалі правы Мас. Але іхняя тэорыя непрыгодная. Бо калі нельга дапусціць, кааб адзін чалавек тыраніў Масу, дык, вядома, нельга дапусціць і таго, каб Маса падаўляла аднаго чалавека.
Трэція завалодалі гэтымі бяссільнымі камянямі і з сукупнасці іх стварылі Дзяржаву. Сходная Дзяржава таксама не ўзвышае людзей. Яна таксама толькі ўвасабленне Сукупнасці. Яна ёсць улада Калектыву, перададзеная ў рукі асобы. Яна ёсць панаванне каменя, які з выгляду атаясамлівае сябе з іншымі камянямі, над сукупнасцю камянёў. Гэта Дзяржава, не тоячыся, прапаведуе мараль Калектыву, якую мы пакуль адхіляем, але да якой самі ж ідзём спакваля, бо мы забылі пра Чалавека, — а ён жа адзін мог паслужыць апраўданнем нашага непрымання.
Прыхільнікі гэтага новага веравызнання не дапусцяць, каб некалькі шахцёраў рызыкавалі жыццём дзеля выратавання аднаго засыпанага ў шахце таварыша. Бо гэта нанесла б шкоду кучы камянёў. Яны даб'юць цяжкапараненага, калі ён будзе замінаць прасоўванню арміі. Пра дабро для Супольства яны будуць меркаваць з дапамогай матэматыкі — і матэматыка будзе кіраваць імі. Ім няма выгоды ўзвышацца да нечага болей вялікаснага, чым яны самі. I таму яны ўзненавідзяць усё, што будзе розніцца ад іх, бо яны па-за межамі саміх сябе не знойдуць нічога, з чым яны маглі б зліцца. Любы чужы звычай, інакшая раса, інакшая думка непазбежна стане для іх абразай. Яны не будуць здольны прылучаць да сябе, бо кааб прылучыць Чалавека да сваёй веры, трэба не адсекчы яго, а растлумачыць яму ягоную ролю, паказаць мэту яго памкнення і даць яму магчымасць практычна выпрабаваць свае сілы. Прылучыць да сваёй веры заўсёды азначае вызваліць. Храм можа прылучаць да сябе камяні, і яны набываюць у ім сэнс. А куча камянеў нічога не прылучае да сябе, і, не ўмеючы рабіць гэтага, яна проста гняце. I гэта праўда — але чыя віна ў гэтым?
Я болей не здзіўляюся таму, што куча камянёў якая гняце ўсім сваім цяжарам, перамагла камяні, бязладна раскіданыя сярод поля.
I ўсё-такі я мацнейшы, чым яна.
Я мацнейшы, калі я зноў знайду сябе. Калі наш Гуманізм адновіць Чалавека. Калі мы здолеем заснаваць нашу Супольнасць, прымяніўшы для гэтага адзіна дзейсны сродак: самаахвярнасць. Супольнасць, створаная нашай духоўнай культурай, таксама не была сукупнасцю выгод — яна была сукупнасцю дарункаў.
Я мацнейшы, бо дрэва мацней рэчываў, што ствараюць глебу. Яно ўбірае іх у сябе. Яно ператварае іх у дрэва. Храм ззяе куды ярчэй, чым куча камянеў. Я мацнейшы, бо мая духоўная культура здольна злучыць у адно цэлае, нікога не адсякаючы, усю разнастайнасць чалавечых якасцей. Яна не толькі наталяе смагу з крыніцы сваёй моцы, яна разам з гэтым і ўлівае ў яго новае жыццё.