Читать «Забаставаў» онлайн - страница 21

Джэк Лондан

Ён то гразіўся Бубу, то спрабаваў гаварыць ласкаю, але яму так і не ўдалося парушыць цьвёрдасьці Буба; нарэшце, ён выгнаў Буба. Па недагляду Буба пакінулі аднаго і дазволілі бадзяцца па палубе. Сяды-тады матросы з цікавасьцю ўзіраліся на яго, але ўсё-ж ён быў гут вольным. На яго не маглі асабліва заглядацца, бо ён быў малы, ноч стаяла цёмная, а варта на палубе рабіла сваю работу. Памалу пацягнуўся ён па незнаёмай палубе ў той бок, адкуль відаць былі бакавыя агні «Мэры Томас», што неадступна плыла сьледам за крэйсэрам.

Доўга сачыў ён за шхунай, а потым схарцаваўся ў цемені, там, дзе была прывязана вяроўка, што цягнула на буксіры шхуны «Мэры Томас». Толькі адзін раз падышоў афіцэр і паглядзеў, ці не перацерлася нацягнутая вяроўка. Буб адпоўз у цень і яго не заўважылі. I тут ён надумаўся, каб вызваліць шхуну і пазбавіць ад страшнай бяды дваццаць два чалавекі і іх сем’і.

«Па-першае, — разважаў ён, — каманда невінавата, а ўсё-ж яе бяз жалю цягнуць у Сібір, у турму, пахаваюць там жывымі, — ён чуў такія апавяданьні і верыў ім. Па-другое, дваццаць два чалавекі з „Мэры Томас“ можна выратаваць. Іх стрымлівае толькі гэтая вяроўка. Яны ня могуць яе перарэзаць там, на шхуне, бо рускія, напэўна, паставілі свайго вартаўніка, але гэты канец… ах, гэты канец…»

Буб пакінуў разважаць. Ён блізка падпоўз да вяроўкі, выняў з кішэні свой складаны ножык і пачаў пілаваць. Нож быў тупаваты: Буб пераразаў столку за столкай, і з кожным шэлестам нажа ўсё больш выразьней і страшней маляваўся перад ім жудасны малюнак: Сібір, адзіноцтва, высылка. Нават у кампаніі таварышоў такое жыцьцё было-б зусім незавідным, але апынуцца ў такой бядзе аднаму здавалася жудасным. А апрача таго, яго ўчынак будзе спрыяць таму, што ён канешне ня міне самай найцяжэйшай кары.

Яго сумныя думкі былі спынены — нехта падыходзіў. Ён адпоўз у цень. Нейкі афіцэр спыніўся на тым самым месцы, дзе ён пілаваў, нагнуўся быў, каб агледзець вяроўку, потым перадумаў і выпрастаўся. Ён прастаяў тут некалькі хвілін, гледзячы на агні захопленай шхуны, а потым пашоў на нос крэйсэра.

Цяпер пара! Буб выпаўз і канчаў пілаваць. Ён перарэзаў дзьве столкі вяроўкі, потым яшчэ адну. Заставалася апошняя, але яна была так моцна нацягнута, што лопнула скора. Аясь! Адрэзаны канец паляцеў за борт параходу. Буб ляжаў ціха і прыслухоўваўся. Сэрца ў яго зайшло ў пяткі. Але на крэйсэры ніхто нічога ня чуў. Ён бачыў, як памутнелі чырвоны і зялёны агні «Мэры Томас». Потым над вадою празьвінеў слабы крык рускіх матросаў, што засталіся на шхуне, але і гэтага ніхто ня чуў. Дым, як і раней, валіў з труб крэйсэра, а машыны працавалі спраўна.

Што тварылася на «Мэры Томас»? Буб мог толькі здагадвацца, але адно было для яго ясным: яго таварышы дадуць рады справіцца з чатырма матросамі і мічманам. Праз некалькі хвілін ён пачуў слабы стрэл з рэвольвэра. А пасьля — о, радасьць! — і чырвоны агонь і зялёны зьніклі. «Мэры Томас» зноў была вольнаю.