Читать «Забаставаў» онлайн - страница 22

Джэк Лондан

На карме паказаўся афіцэр. Буб пралез наперад і схаваўся ў аднэй шлюпцы. Яшчэ хвіліна, і было-б позна. Далі трывогу. Зашавялілася каманда. Крэйсэр павярнуўся назад. Белыя праменьні электрычнага прожэктара забегалі па моры, але шхуны «Мэры Томас» ня відаць было.

Пасьля гэтага Буб неўзабаве заснуў і прачнуўся толькі на досьвітку. Аднастайна стукалі машыны, а па тым, як плюхала вада, ён здагадваўся, што мыюць палубу. Зірнуўшы навокал, ён убачыў, што крэйсэр адзін. «Мэры Томас» уцякла; калі ён высунуў галаву, матросы шчыра разрагаталіся. Нават у афіцэра, што загадаў паслаць яго ўніз і заперці, сьмяяліся вочы. Потым, седзячы арыштаваным, Буб часта думаў, што яны ня так ужо і ўзлаваліся на яго.

Ён быў блізка да праўды. У сэрцах людзей ёсьць некаторая далікатнасьць, якая прымушае іх дзівіцца са сьмелага ўчынку, хоць гэты ўчынак зроблены і ворагам. І рускія былі такімі-ж людзьмі, як і ўсе. Праўда, хлапчук іх перахітрыў; але караць яго яны не маглі, і ня ведалі, што з ім зрабіць. Зусім не да твару было цягнуць з сабою такога хлапчука, як адзінага прадстаўніка шхуны, якая ўцякла.

І праз два тыдні ваеннае судно Злучаных Штатаў, што выходзіла з Уладзівастоку, было спьшена сыгналамі з рускага крэйсэра. Шлюпка адплылася ад крэйсэра, і маленькі хлопчык пералез на амэрыканскае судно. Праз тыдзень яго выпусьцілі на бераг у Хакодаце. Тут яму выдалі дазвол на праезд да Іокогамы.

Проста са станцыі ён пабег па дзіўных японскіх вуліцах да гавані. Там ён наняў японца і загадаў завезьці яго на адно з суднаў, якое яму па знадворных адзнаках здалося знаёмым. Парусы гэтага судна былі ўзьняты; яно зьбіралася адплысьці назад у Злучаныя Штаты. Калі ён падплыўся бліжэй, некалькі матросаў выскачыла на борт, і якар пачаў узьнімацца.

— «Судно янкі ўніз па рэчцы!» — пачуўся голас «Морскага Законьніка», які запеў якарную песьню.

— «Цягнеце, хлопцы-малойцы!» — загрымелі ў адказ знаёмыя галасы, а постаці мужчын узьнімаліся і апускаліся пад рытм песьні.

Буб Русэль заплаціў японцу і ўзьлез на палубу. Пра якар забыліся. Матросы віталі яго радаснымі крыкамі; ён не пасьпеў і дыхнуць, як ужо стаяў на плячох капітана, акружаны таварышамі, і спрабаваў адначасна адказаць на дваццаць пытаньняў.

На другі дзень шхуна падплыла да японскай рыбацкай вёскі і высадзіла на бераг чатырох матросаў і маленькага мічмана і паплыла далей. Гэтыя людзі ня ведалі ангельскай мовы, але ў іх былі грошы і яны скора заехалі да Іокогамы. З таго дня японская вёска так нічога больш пра іх і ня чула, і аб гэтых людзях дагэтуль яшчэ ходзяць розныя байкі ды гутаркі.

Крыс Фэрынгтон, матрос

— Калі-п ты пыў на суднах Старога Сьвету, дык, маленькі юнак, як ты, пыў-пы толькі юнга, хлапшўк, і пыў-пы слушкаю ў матросаў. І калі матрос закрышыць: «хлапшук, купак вады!», ты-п ускакіфаў борзда, як куля, і прыносіў пы купак вады. І калі матрос закрышыць: «хлапшук, боты!» — ты дафаў-пы боты. I ты пыў-пы далікатны і казаў-пы: «Так, сэр», і «не, сэр». Але ты на амэрыканскім судно і думаеш, што ты ня горш, чым матрос. Крыс, мой хлопшык, я пыў мараком дваццаць дфа гады, і ты думаеш, што ты ня горш мяне? — Я пыў марак раней, чым ты радзіўся, і я вязаў вузлы і браў рыфы і круціў вяроўкі, калі ты забаўляўся цацкамі.