Читать «Прысуд» онлайн - страница 14

Франц Кафка

— Так! — сказаў я і пляснуў далоньмі, паказваючы, што абавязкова мушу з ім развітацца. Перад тым я ўжо некалькі разоў рабіў дзеля тае самае мэты менш рашучыя спробы. Я быў зусім стомлены.

— Ці Вы адразу пойдзеце наверх? — спытаўся ён. Пры гэтым я пачуў з ягонага рота гукі, падобныя да ляскату зубоў.

— Адразу ж пайду.

Я ж быў запрошаны і загадзя яму пра гэта сказаў. Мяне запрашалі падняцца ў кватэру, каб я ўжо з задавальненнем сядзеў там — а не дзеля таго, каб выстойваў тут пад брамаю і паглядаў паверх вушэй свайго суразмоўцы. I каб да таго ж быў павінен тут у маўчанні стаяць з ім, як быццам бы мы вырашылі затрымацца ў гэтым месцы на даўжэйшы час. I цяпер у гэтым маўчанні ўдзельнічалі дамы, што стаялі наўкола, ды цемра, што распасціралася над імі ажно да самых зорак. I ўжо крокі нябачных прахожых, што ішлі дарогамі, напрамкі якіх не было ахвоты адгадваць; вецер, што ўвесь час прыціскаўся да супрацьлеглага боку вуліцы; грамафон, які граў праз зачыненае акно нейкага пакоя,— усё гэта таксама адгукалася з гэтага маўчання, нібыта яно раз і назаўсёды было іх уласнасцю.

I мой кампаньён, усміхнуўшыся мне, таксама ад майго і ад свайго імя пагадзіўся з усім гэтым і падняў угару, паралельна муру, сваю правую руку і, заплюшчыўшы вочы, абапёр аб яе свой твар.

Але я не дагледзеў тае ўсмешкі да канца, бо ад сораму раптоўна адвярнуўся. Бо толькі з той усмешкі я пазнаў, што гэта быў ні больш ні менш, а толькі махляр. А я ж ужо колькі месяцаў жыў у гэтым горадзе і думаў, што ведаю навылёт усіх махляроў: як яны ўначы выходзяць нам напярэймы з бакавых вуліц, працягваючы да нас рукі, нібы тыя шынкары; як яны крадком абыходзяць слуп з аб’явамі, каля якога мы запыніліся, і быццам бы гуляюць з намі ў хованкі і хоць бы адным вокам з-за акругленасці слупа сочаць за намі; як яны на вулічных скрыжаваннях, калі нам робіцца боязна, нечакана ўзнікаюць перад намі, балансуючы на ўскрайку тратуара! Я так выдатна іх разумеў: яны ж былі ў невялікіх шынках маімі першымі гарадскімі знаёмымі, і я ім быў удзячны за першае ўражанне ад тае непадатлівасці, без якой я не мог сабе ўявіць гэтага свету і памалу стаў ужо заўважаць яе ў сабе самім. Як яны выходзілі нам насустрач, нават калі мы даўно ад іх паўцякалі, калі ім ужо зусім не было чаго лавіць! Як яны, не сядаючы і не падаючы, толькі кідалі на нас позіркі, якія нават здалёк заўсёды пераконвалі! А іх прыёмы былі ўвесь час адны і тыя ж: яны паўставалі перад намі, як мага шырэй расставіўшы ногі і рукі, спрабавалі звесці нас з абранай дарогі, рыхтавалі нам узамен прытулак у сваіх грудзях; і калі, урэшце, у нас унутры пачыналі бурліць усе пачуцці, яны ўспрымалі іх як абдоймы, у якія кідаліся наперад галавою.

I гэтыя даўно вядомыя штучкі я гэтым разам распазнаў, толькі так доўга пабыўшы побач з тым чалавекам. Я да крыві здзёр сабе пальцы, каб пазбыцца гэтае ганьбы.

Але мой суразмоўца па-ранейшаму стаяў, абапіраючыся на руку, ды ўсё яшчэ лічыў сябе махляром, і ягоная шчака, не затуленая рукою, зарумянілася ад задаволенасці сваім лёсам.