Читать «Прысуд» онлайн - страница 13
Франц Кафка
А як па-сапраўднаму выцягнуцца, асабліва выпрастаць калені, у апошняй канаве,— пра гэта амаль не думалася, і ты ляжаў, ужо ледзьве не плачучы, на спіне, нібы хворы. Ты толькі міргаў, калі здаралася, што нейкі хлапчук, прыціснуўшы локці да сцёгнаў, пераскокваў сваімі цёмнымі падэшвамі цераз насып па-над намі проста на дарогу.
Месяц стаяў ужо досыць высока на небе, у ягоным святле каля нас праехала паштовая карэта. Навокал павяваў лёгкі вецер: ён адчуваўся нават у канаве; а паблізу зашумеў лес. Тут ужо не было вялікай цягі да таго, каб заставацца самотным.
«Дзе вы?» — «Хадземце сюды!» — «Усе разам!» — «Чаму ты хаваешся, перастань выдурвацца!» — «Вы хіба не ведаеце, што пошта ўжо праехала?» — «Ды не! Што, праехала ўжо?» — «Вядома ж. Калі ты спаў, яна праехала міма».— «Я — спаў? Ну, ты скажаш!» — «Памаўчы, гэта адразу па табе відаць».— «Але ж я прасіў бы цябе...» — «Хадзем!»
Мы пабеглі, тулячыся бліжэй адно да аднаго; некаторыя працягвалі іншым рукі; было цяжка нармальна падняць голаў, бо дарога вяла долу. Нехта выгукнуў індзейскі баявы кліч, нашы ногі самі сабой памкнуліся ў галоп, як не было ніколі раней, пры падскоках вецер падымаў нас, абвяваючы сцёгны. Нішто не магло б нас затрымаць; мы так разагналіся, што нават, абганяючы адно аднаго, мы маглі скрыжоўваць рукі ў сябе на грудзях і спакойна аглядацца.
На мосце, перакінутым цераз бурлівы ручай, мы спыніліся; тыя, што былі забеглі наперад, вярнуліся назад. Унізе вада з шумам ударалася аб камяні ды карэнне, як быццам бы яшчэ не было позняга вечара. Невядома чаму, але ніхто не ўскочыў на парэнчы моста.
За кустамі ўдалечыні паявіўся цягнік, ва ўсіх купэ гарэла святло, напэўна, вокны былі апушчаныя. Хтосьці сярод нас пачаў спяваць нейкі шлягер, але спяваць хацелася нам усім. Мы спявалі куды хутчэй, чым ехаў цягнік, размахвалі рукамі, бо голасу не хапала; у спеве мы набіралі разгону і сярод гэтага збою гукаў пачувалі сябе добра. Калі твой голас змешваецца з іншымі, маеш такое адчуванне, быццам бы заглынуў рыбалоўны кручок.
Гэтак, маючы за спінаю лес, мы спявалі далёкім падарожнікам. Дарослыя ў вёсцы яшчэ не спалі, маці сцялілі на ноч пасцелі.
Трэба ўжо было ісці. Я пацалаваў таго, хто стаяў найбліжэй да мяне, траім бліжэйшым проста працягнуў руку і пачаў бегчы назад; ніхто мяне не паклікаў. Каля першага скрыжавання, дзе мяне ўжо не маглі бачыць, я павярнуў на прасёлак і зноў пабег у лес. Я накіраваўся на поўдзень, да горада, пра які ў нашай вёсцы казалі:
«Вось там людзі! Падумайце толькі, яны зусім не спяць!»
«А чаму не спяць?»
«Бо не стамляюцца».
«А чаму так?»
«Бо яны дурні».
«Хіба ж дурні не стамляюцца?»
«Як жа дурні могуць стамляцца!»
ВЫКРЫЦЦЁ МАХЛЯРА
Нарэшце, каля дзесятай увечары, разам з нейкім даўней крыху знаёмым мне чалавекам, які ні з таго ні з сяго гэтым разам зноў далучыўся да мяне і цэлыя дзве гадзіны цягаў мяне туды-сюды па вуліцах, я падышоў да дома тых гаспадароў, да якіх быў запрошаны на сяброўскую бяседу.