Читать «Мой гай дубовы» онлайн - страница 8

Мацей Юзаф Канановіч

БЯРОЗКА

Танцавальнаму ансамблю «Бярозка»

Гаснуць ціха лубіну свечкі, У калін — сутоннем паверка, Сіні змрок пацягнуўся да рэчкі, Захінае вады люстэрка. Не даходзяць да вёскі сцежкі, Прыпыніўшыся на пагорку, Засвяціўся каштан ад усмешкі, Галавою калышучы зорку. Лес гайдае мелодыя песні, Што вяртаецца рэхам да вёскі, Дзе начны маладзік напрадвесні Пакідае на дахах палоскі. Ён кранае дзявочыя губы, Што спакусліва гэтак вабяць Да шчымлівай мядовай згубы, Падсалоджанай цемраю, мабыць. Лубін — свечкаю каля пожні, Заірдзеецца чырвань каліны, Рэхам вернецца ў раз апошні Песня ў родныя каляіны. Час інакшы ўжо надыходзіць, Небакрай світае за вёскай, I дзяўчаты з ночы выводзяць Свае постаці грацыі боскай... За ракой, дзе мурог адметны, Табунамі вятры гарцуюць, Зачароўвае вочы балетны Рух бярозак, якія танцуюць. I адрозніць цяпер нялёгка Ад бярозкі белай паненку, Калі ранак знімае дрогка З прыгажуні начную сукенку. Танец. Плечы — вецер і парус, Крык грудзей пад пражэктарам сонца, Ногі, стаўшы крылатымі зараз, У паветры лунаюць бясконца. Ах, бярозкі!.. Над верасамі Узлятаюць чародкай шпаркай, Ім уторачы ў небе, часамі Кружаць вольныя птахі пад хмаркай. Не дае мне заснуць пытанне, Як жа словам злавіць адгалоскі Песні той, што ўваходіць у танец Рухам целаў дзявочых: «Бярозкі».