Читать «Калядны харал» онлайн - страница 8
Чарлз Дыкенс
Спальня, гасцёўня, камора. Усё як мае быць. Нікога пад сталом, нікога пад канапай, сціплы агеньчык у каміне, на стале — міска і лыжка, на ачагу — рондлік з вадкай аўсянкай (надзейны сродак ад прастуды). Нікога пад ложкам, нікога ў шафе, у халаце, які падазрона вісеў насупраць, — таксама нікога. У каморы ўсё як заўсёды. Старыя камінныя краткі, зношаныя чаравікі, два кошыкі для рыбы, трохногі ўмывальны столік і качарга.
Цалкам супакоены, Скрудж зачыніў дзверы і павярнуў ключ у замку — і не адзін раз, між іншага, а два, што здаралася з ім вельмі рэдка. Адмежаваўшыся такім чынам ад рознага кшталту нечаканасцяў, ён зняў шыйную хустку, надзеў халат, дамашнія пантофлі, начны каўпак і сеў ля каміна, каб узяцца за аўсянку.
Полымя ў каміне было зусім маленькае, асабліва для такой ночы. Скруджу давялося пасунуцца бліжэй і ледзь не навіснуць над агеньчыкам, каб адчуць хоць якое цяпло ад мізэрнае прыгаршчы вугалю. Камін быў вельмі стары, калісьці ён належаў нейкаму гандляру-галандцу і быў выкладзены дзівоснымі галандскімі кафлямі, упрыгожанымі сцэнамі са Святога Пісьма. Тут былі Каіны і Авелі, дочкі фараонавы і царыцы Саўскія, анёлы-пасланцы, што на аблоках, падобных да пуховых пярынаў, сыходзілі на зямлю, Аўраамы, Бальтазары і апосталы, якія плылі ў мора на судзінках для соўсу, — сотні фігурак, якія маглі заняць думкі Скруджа, аднак тут зноў твар Марлі, памерлага сем гадоў таму, ажыў перад яго вачыма, як колісь посах прарока, і праглынуў усё вакол. Калі б гэтыя роўныя кафліны былі пустымі і маглі перанесці на сваю паверхню бязладныя ўрыўкі Скруджавых думак, на кожнай з іх з’явілася б адна і тая ж выява — галава Марлі.
— Шахрайства! — раззлаваўся Скрудж і пачаў хадзіць па пакоі. Некалькі разоў змерыўшы яго крокамі, ён зноў сеў і адкінуўся на спінку крэсла. Тут позірк яго спыніўся на даўно непатрэбным званочку, які невядома для чаго звязваў гэты пакой з памяшканнем на апошнім паверсе дома. З якім бязмежным здзіўленнем, якім невытлумачальным і неспасцігальным жахам Скрудж заўважыў раптам, што званочак пачаў раскачвацца. Спачатку ён раскачваўся амаль незаўважна, так, што нічога не было чуваць, аднак хутка загучаў вельмі моцна, а за ім — і іншыя званочкі ў доме.
Звон цягнуўся, мабыць, не больш за хвіліну, аднак Скруджу падалося, што прайшла цэлая гадзіна. Раптам усе званочкі ўраз замоўклі, і пачулася нейкае бразгатанне — быццам глыбока ўнізе, у вінным склепе, нехта цягнуў па бочках цяжкі ланцуг. Скруджу адразу ж успомнілася ўсё, што ён чуў пра прывідаў: з’явіўшыся ў доме, яны абавязкова валакуць за сабой кайданы.
Дзверы склепа шумна расчыніліся, і знізу пачуўся страшэнны грукат, які паступова набліжаўся, нібыта хтосьці падымаўся па лесвіцы і цяпер спыніўся проста перад Скруджавым ганкам.
— Усё адно шахрайства! — прабурчаў уладальнік кватэры. — Не веру я ва ўсялякае блазноцце!
Аднак колер яго твару істотна змяніўся, калі гэтае блазноцце спакойна прайшло праз глуха зачыненыя дзверы і спынілася перад Скруджам. У гэты момант амаль памерлы агеньчык у каміне рэзка ўспыхнуў, нібы ўсклікнуўшы: “Так, я яго ведаю — гэта прывід Марлі!” — пасля чаго зноў змізарнеў.