Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 25
Костас Варналис
3. Калi Перыкл казаў, што сiла i дабрабыт дзяржавы - гэта выратаванне (дабрабыт i сiла) гаротных, я не хацеў думаць, што гэта насмешка. Што ён разумеў пад дзяржаваю? Нас усiх? Не, вядома. Калi мы ўсе працвiтаем, то не трэба нас ратаваць. Ён, пэўна, меў на ўвазе нешматлiкiх багацеяў i палiтыкаў словам, "разумных". Калi яны ядуць, то i мы сытыя, калi яны нажываюць багаццi, то i мы багацеем, калi ў iх няма прыбытку, то i мы яшчэ болей бяднеем, калi iх маёмасць у небяспецы, то i нам не спiцца. Як бачыце, першы палiтык i багацей Афiн без анiякага сораму падносiў ачмурэламу натоўпу подласць нешматлiкiх як абавязак, велiч i доблесць шматлiкiх - Радзiмы. Тады iшла вайна, i мы павiнны былi аддаваць свае жыццi за "найлепшых", калi мы хацелi ўратаваць свой пастаянны голад i зрабiць вечным наш шчаслiвы сон. Вам ясна? Ну, вядома ж. Я ж вам усё тлумачу. Але тады мой унутраны голас статка - голас-дэман - не даваў мне гэта зразумець. Я нават меркаваў, што стары гаварыў добра, бо ўсё ў яго было ў згодзе з абсалютнай Логiкай.
4. I вось калi мяне пачало мучыць падазрэнне, што я думаю няправiльна i што розум мой пачынае здаваць, ваш анёл-хавальнiк мацней зацягнуў папругу на штанах, расправiў скрыдлы i прыляцеў, скрыгочучы зубамi. Акыш! Але я зноў не супакоiўся. Ледзь толькi ён адляцеў, як мяне пачаў грызцi другi шашаль: раскаянне за тое зло, што я прычынiў i сваiм сучаснiкам, i нашчадкам i якое будзе кiраваць светам несправядлiвасцi i хлуснi. Я пакутаваў i ўдзень i ўначы. Трэба было неадкладна выпраўляць зло. I вось што я зрабiў бы, калi б вы не паспелi мяне забiць".
У яго перасохла ў горле. Ён папрасiў вады, але дзе было ўзяць шклянку i ваду? Нейкi жартаўнiк выгукнуў: "Выпi ваду з клепсiдры, каб хутчэй скончыць!" Рогат i шум. Шмат з тых, хто спаў, падхапiлiся з незадаволеным выглядам i пачалi бурчаць. Iншыя паднялiся i знакамi папрасiлi вяшчальнiка сказаць, колькi вады засталося ў гадзiннiку. Вяшчальнiк нахiлiўся над пасудзiнай, а потым падняў правую руку i правёў два-тры разы вялiкiм пальцам па другiм суставе ўказальнага пальца. Сакрат пракаўтнуў слiну i працягваў.
5. За ўсё тое, чаму я вас навучыў, вы павiнны былi б азалацiць мяне i акружыць пашанай. За тое, што я зрабiў бы, калi б жыў, вы б павiнны былi не толькi забiць мяне, i мелi б рацыю, але i жыўцом стаўчы ў ступе, як стаўчэ тыран Неарх Зянона Элеацкага - каб той навучыўся выкладаць дабрачыннасць, так цi iнакш, але трымаць язык за зубамi наконт бесчалавечнасцi валадароў. Вам давялося б адрэзаць мне язык, як цар Анцiпатр адрэжа язык рытару Гiперыду, каб той засвоiў урок, што можна прадаваць Радзiму, але нельга лаяць чужынца-пакупнiка. Я сапраўды быў небяспечны для грамадскага парадку, для панавання "мацнейшых". Выкiньце мой труп як падалей, куды-небудзь у затоку цi ў якi-небудзь яр Кiферону - "хай не будзе прах яго ў зямлi атыцкай". Не iснуе большай подласцi i здрады, чым казаць праўду.