Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 39

К Тарасов

Стары князь - нядоўгiя ласкi. Ён заснуў, i яна хутка заснула, можа, раней, чым ён; пасярод ночы прачнулася, побач ляжыць цёплае расслабленае чужое цела. Яна павярнулася да сцяны, нудна было думаць, нашто яно ляжыць побач, а ранкам прачнулася - не было каля яе сiвога мужа. I такое ўзнiкла ў яе пачуццё, што прыснiлася ёй непатрэбная князева любоў, не прыходзiў ён да яе, прымроiлася яшчэ адна жуда ў змроку ночы...

Так i старалася думаць, што бачыла страшны сон процi ранейшага, прарочага, пакуль не адчула, што цяжарная. З маладым мужам спала - нiчога ў лоне не завязвалася, а Мiндоўгава старэчае семя адразу пайшло ў рост... Звар'яцець можна ад такой бяды. Быццам атручаны камень засунуў ёй у чэрава ўдавец па сястры. Яна адчувала апальваючы цяжар гэтага каменю. Усе думкi былi гарачкавыя, нават у сне аддавалася жудой прысутнасць у целе ненавiснага семя. Узгадвала, як з Даўмонтам марыла пра сына: яна зацяжарыць, а ён будзе прыцiскаць вуха да жывата i слухаць рухi свайго дзiцяцi. Не давалася, не рос жывот. А цяпер надзьмецца, i будзе сядзець у iм маленькi Мiндоўг. Жонка князя Даўмонта зацяжарыла вырадкам князя Мiндоўга. I падзялiцца сваiм няшчасцем няма з кiм. Не крыкнеш князю - нашто мне твой вырадак? Нашто ён табе? Стары ваўкалак толькi ўзрадуецца. I баб не папросiш параiць - усiм раскажуць: у князевых сыноў неўзабаве будзе брацiк цi сястрычка. На ганьбу Даўмонту.

Трэба было пазбаўляцца ад каменю, якi ўзрастаў у чэраве. Ды дзе ўзяць зелле ў гэтым замку сярод чужых людзей, дзе ўсе адзiн у аднаго пад наглядам. Скажы хоць выпадкам адно слова - "каноплi", i адкрыецца, што носiць князеў падарунак ды хоча вытруцiць. Варту прыставяць пiльнаваць, каб не вытруцiла вырадка. Паверыўшы сэрцу, Агна папрасiла Астапа прынесцi ёй патрэбнае зелле. Той некалькi хвiлiнаў моўчкi ўглядаўся ёй у вочы: позiрк у яго быў пранiклiвы, быццам ён намагаўся ацанiць, цi вартая яна выратавання i ягонай дапамогi. Нарэшце ён сказаў: "Ты хоць разумееш: калi князь дазнаецца - мне галаву знясуць!" - "Не дазнаецца! Клянуся!" - абяцала Агна, i ён паверыў ёй.

Цяпер яна гаспадарыла ў паварнi, каб заварваць выратавальную для сваёй годнасцi атруту. Праз тры тыднi ў лазнi, раптам схапiў жывот невыносны боль, быццам агонь там запалiўся, i пацякла з улоння кроў. Проста на палок вылiлася тое, што магло стаць яшчэ адным Мiндоўгавым наступнiкам. "Перапарылася" тлумачылi чаляднiцы выкiдыш, i засталося для ўсiх таямнiцай: жадала яна выкiнуць цi хацела насiць. Можа, i хацела, ды не пашчасцiла, i ў такiм выглядзе давядзе пагалоска яе бяду да князя Даўмонта. I Мiндоўг будзе гэтак думаць. Яму даспадобы: не хацела - адно, не пашчасцiла - другое. Не пашчасцiла - трэба паўтарыць, каб быў вынiк.

Ён прыйшоў шчаслiвiць, калi Агна ачуняла. Перад народам, калi апрануты ў кальчугу, апяразаны мечам, пакрыты шлемам ды футравай апанчой - грозны князь Мiндоўг, проста як той Пярун з неба сыйшоўшы, а пераступiў парог для любовi на плячах старая свiтка, кашуля паяском падперазаная, кудлы, хоць i прычасаныя, вiсяць павуцiннем - дамавiк. За печчу сядзець, цвыркуна слухаць, а ён гвалтаваць прыцягнуўся. Смешна глядзець на яго.