Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 38

К Тарасов

Пасля дзядоў, калi дажджы змянiлiся маразамi i прыпарушыла зямлю снегам, пазначаючы блiзкi канец пакутлiвага для яе года, пачула Агна ад чаляднiц змрочную для сябе вестку - Даўмонт шукае новую жонку. Нiбыта ўжо пасылаў сваiх ураднiкаў глядзець дачку Гаторпа, i да яцвяжскага князя Скамонда ездзiлi ад яго шукаць нявесту, можа яшчэ куды выпраўляў людзей. Сэрца не дазваляла Агне ў гэта паверыць. Прыгадваючы Крэва, Перунову гару, дзе ўдвох часцяком праводзiлi сонца, дом, свае рэчы ў доме, печ, ложа, пакрытае ейнаю посцiлкай, яна не магла ўявiць, што ў гэтым доме замест яе будзе жыць, гаспадарыць, спаць, сустракаць Даўмонта, хадзiць разам з iм на Перунову гару iншая жанчына. Я ж жывая, думала Агна. Хiба Даўмонт ўдавец? Што яны вырабляюць? Мiндоўг бярэ мяне за ўдаву. Даўмонт шукае жонку, быццам аўдавеў. Яны абодва здурэлi. Агна вырашыла спытацца ў Астапа - цi праўдзiвыя чуткi, што князь Даўмонт скарыўся, забыў на яе i пасылае людзей на агледзiны выданнiц.

- Ходзiць пагалоска, - адказаў разанец, - што ездзяць па дварах ягоныя мечнiк i лоўчы. Можа, што i выездзяць. А можа i не. Небагата гожых дзевак у княжых дамах. Ён, сама разумееш, абы каго прывесцi не можа. Я гэтак скажу табе: лепш яму хутчэй ажанiцца. Усiм было б спакайней - i вялiкаму князю, i Даўмонту, i табе.

Пацверджаная Астапам горасная вестка дашчэнту абязволiла Агну. Нiчога не змянiлася з бабiнага лета, наперадзе яе чакала непраглядная нуда, яна не ведала чым абнадзеiцца, дзе шукаць сабе апiрышча. У душы збiралася журба, усе жаданнi ўсохлi, усё здавалася непатрэбным, чужым, бязрадасным. Вось я зрабiлася што голае дрэва зiмой, думала Агна, сухастоiна, ссекчы мяне трэба.

Неяк выдаўся зусiм тужлiвы для Агны дзень. Яна адзiнока засела ў пакоi, нават пляменнiкаў адправiла ад сябе. Пачаў бы хто лямантаваць "Гарым! Ратуйся!", дык i з ложа не ўстала б: што дымам удушыцца адразу, што тугой здушлiвай за доўгiя месяцы - адно i тое ж. Бяда да бяды цягнецца - Мiндоўг нiбыта такога яе бязвольнага стану чакаў. Увечары ўвайшоў да яе ў пакой, i яна адчула, што ён застанецца тут да ранку. Ён сеў побач яе, потым прылёг побач i пачаў песцiць i палез пад кашулю халоднай шурпатай рукой. Агна слухала ягонае дыханне, i было ёй усё роўна: у жонкi яе возьме, цi задушыць гэтымi шурпатымi рукамi, цi заб'е за абыякавасць да яго, толькi б нi пра што не пытаўся i нiякiх словаў ёй не казаў. Не клiкала яна яго, пэўна, падмануўся, думаючы, што Рэпiка i Руклю наўмысна ад сябе адаслала, каб ён прыйшоў. Вось i прыйшоў...