Читать «Санэты (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Уильям Шекспир

Калi любоў, любiмы, ўся твая, Цi вiнавачу я цябе на тым? Дакор адзiн, мой любы, маю я, Што пагардзiў каханнем ты маiм.

Цудоўны злодзей! Грэх дарую твой, I нават той, што скрыўдзiў жабрака. Але любовi крыўды, любы мой, Для нас цяжэй, чым ворага рука.

Любоў маю прашу я аб адным: - Забi, ды ворагам не будзь маiм!

41

Калi мне ў сэрцы месца не стае, А захапленне змусту прынясе, I маладосць i прыгажосць твае Даруюць дробныя пахiбы ўсе.

Спакуса ходзiць за табою ўслед, За пекнатой прываблiвай тваёй. А перад ласкай змуслiвых кабет Устоiць сын кабецiны якой?

Але, на жаль, юнацкi твой запал, Але, на жаль, юнацкi твой iмпэт Прыязнi нашай лiтасцi не даў, А двойчы пакрышыў яе ушчэнт:

Заплямiў здрадаю душу сваю I спадабанку спакусiў маю.

42

Мой жаль не ў тым, што ты уладаеш ёй, Хоць я, прызнацца, сам люблю яе, А што яна ўладарыць над табой, Разбiўшы нас, вось гэта жаль дае!

Я ўсё ж, гарэзнiкi, прабачу вас: Яе ты любiш, бо любiў мяне, Яна ж, праводзячы з табою час, Выказвае замiлаванне мне.

Яе губляю - ты знаходцы рад, Цябе - дарунак для яе такi ж. А сам, пасля маiх падвойных страт, Я змушаны падняць нялёгкi крыж.

Ёсць тут i радасць: ты - адно са мной, Дык толькi я любiмы ёй самой.

43

Прыемна мне, калi заплюшчу вочы, Бо што б удзень пабачылi яны? Цудоўны вобраз твой скрозь цемру ночы Мне зiхатлiвыя прыносяць сны.

Калi твой сцень i ноч перамагае, Святлом барвовым разганяе змрок, Дык як жа ўдзень краса свяцiла б тая, Твой яснавейны, прамянiсты зрок?

Якiм бы дзень прыгожым стаў раптоўна, Каб ты з'явiлася ў сваёй красе, Калi адзiн твой толькi сцень цудоўны Такую слодыч для мяне нясе!

Мне без цябе i дзень - як ноч глухая, З табою ж ноч - як ясны дзень бывае.

44

Каб думкай стала плоць мая калi, Яе тады б адлегласць не спынiла, I да цябе, ў далёкi край зямлi, Яна б мяне сваёй аднесла сiлай.

Мне абыякава было б зусiм, Дзе я стаю i дзе ты ў гэтым часе. У небе ясным, над усiм зямным Я думкай борздай да цябе б iмчаўся.

Ды не пазбыцца мне сваёй журбы, Нiяк мне думка не раскрые крылляў. Пакуль, як створаны з зямлi й вады, Я не магу сягнуць праз безлiч мiляў.

Зямля дае павольнасць у хадзе, Вада слязамi горкiмi iдзе.

45

Агонь з паветрам - розныя стыхii: У першай - палкасць, думка у другой. Яны лятуць, нястрымныя такiя, У непарушнай еднасцi сваёй.

Калi яны, як пасланцы кахання, К табе кiруюць вольны свой палёт, Зямлi й вады наступiць панаванне, А ў iм так многа смутку i турбот.

Сумую я аж да тае часiны, Пакуль пасольства прыляцiць назад I скажа мне, што любы мой адзiны Жывы, здаровы, прывiтанням рад.

Якое шчасце! Але без адкладу Зноў мкнуць яны табе маю спагаду.

46

У воч i сэрца вечная вайна: Не падзялiлi ўлады над табой. I тая i другая старана Тваёю захапляюцца красой.

Гаворыць сэрца, што жывеш ты ў iм I ў тайнiку схаваны там на дно. А вочы кажуць, што ў святле сваiм Адлюстравалi вобраз твой даўно.

Каб скончыць спрэчку, склiканы быў суд. Паселi суддзi - думкi - ля стала. Каму належыць што, - сказаў прысуд, А ў iм развага мудрая была:

- Над сэрцам - сэрца будзе уладар, Знадворнасць - вочам дастанецца ў дар.