Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 52

Жан Поль Сартр

- Не, не, - казала Мод, - спынiся. Мiлы мой, не трэба, гэтага нельга.

Але нарэшце яна саступiла: Люсьен хацеў цалаваць яе па ўсiм целе. Ён адчуваў сябе адначасова дзiцём i распуснiкам, i яму хацелася плакаць.

Назаўтра, калi Люсьен ранiцай убачыў у лiцэi Гiгара, у яго сцiснулася сэрца. Той трымаўся неяк загадкава i рабiў выгляд, быццам не заўважае яго. Люсьена гэта настолькi ўзлавала, што ён нават не мог нiчога пiсаць. "Поскудзь, - думаў ён, - поскудзь!" Але пасля заняткаў Гiгар усё ж падышоў, твар у яго быў бледны. "Калi зараз пачне вякаць, - зацкавана падумаў Люсьен, - дастане ў мяне ў вуха". Пэўны час яны стаялi моўчкi, утаропiўшыся ў наскi чаравiкаў. Нарэшце Гiгар ненатуральным голасам выцiснуў:

- Прабач, стары, я не павiнен быў ставiць цябе ў такое становiшча.

Люсьен ускiнуў голаў i недаверлiва зiрнуў на сябра. Але Гiгар сiламоц прамовiў зноў:

- Мы з iм сустракаемся ў зале, ведаеш... ну i... я хацеў... Мы фехтуем разам, ён часам запрашаў мяне ў госцi... Але я разумею, я не павiнен быў... Сам не ведаю, як гэта выйшла. Але калi я пiсаў запрашэннi, у мяне нават на хвiлiну ў галаве не было...

Люсьен маўчаў, словы нiбыта заселi ў яго ў горле, хоць ён адчуваў спагаду да сябра. Нiзка схiлiўшы голаў, Гiгар дадаў:

- Даў я маху...

- Ёлуп ты ёлуп, - адказаў Люсьен, лопаючы яго па плячы, - я ж ведаю, што ты не знарок, - i велiкадушна прамовiў: - Зрэшты, я таксама не меў рацыi. Павёў сябе як звычайны хам. Але што ўжо тут зробiш: гэта мацней за мяне - я не магу да iх дакранацца, проста фiзiчна, у мяне такое пачуццё, быццам у iх на далонях луска. А што П'ерэта?

- Рагатала, як звар'яцелая, - жаласна прабалбатаў Гiгар.

- Ну а той?

- Ён адразу сцямiў. Я яму растлумачыў як мог, але праз чвэртку гадзiны ён сам навастрыў лыжы.

Гэтак жа сарамлiва Гiгар дадаў:

- Бацькi кажуць, што ты меў рацыю: ты не мог абысцiся iначай, калi ў цябе перакананнi.

Люсьен з асалодаю пасмакаваў гэтае слова: "перакананнi", - яму хацелася сцiснуць Гiгара ў абдымках.

- Нiчога, стары, - сказаў ён, - нiчога. Галоўнае, што мы застаемся сябрамi.

Ён iшоў па бульвары Сэн-Мiшэль у незвычайна ўзнёслым настроi, яму здавалася, што ён цяпер - зусiм iншы. "Дзiўна, - думаў ён, - я цяпер нiбыта не я, я сябе не пазнаю!" Было бязветрана i цёпла, вакол няспешна гулялi людзi, на iх тварах, здзiўленых гэтак нечакана насталай вясне, блукала першая ўсмешка; Люсьен сталёвым клiнам прарэзваў гэты млявы натоўп i думаў: "Гэта ўжо не я". Яшчэ ўчора "я" было ўсяго нейкая тоўстая, заблытаная ў павучынне казяўка, накшталт тых цвыркуноў у Феролi, а цяпер - цяпер Люсьен адчуваў сябе дакладным i зладжаным, як гадзiннiк. Ён зайшоў у "Сурс" i заказаў порцыю перно. Хлопцы з банды не заходзiлi ў гэту кавярню, бо тут заўсёды кiшэлi чужынцы, але ў гэту хвiлiну замежнiкi i жыды не краналi Люсьена. У гэтым смуглым натоўпе, якi шапацеў - цiха, бы поле аўса пад ветрам, Люсьен адчуваў сябе недарэчным, як гiганцкi, прыслонены да лавы гадзiннiк, якi пагрозлiва зiхацеў чырвона-крывавым святлом. З забаўным здзiўленнем ён пазнаў маленькага жыдочка, якому хлопцы з юрыдычнага ў мiнулай чвэрцi задалi добрага дыхту ў калiдоры свайго факультэта. У гэтага тлустага i задумлiвага брыдзючка не засталося ўжо нiякiх слядоў ад той бойкi: вiдаць, ён пэўны час проста хадзiў пакамячаны, а потым зноў набыў сваю кругленькую форму. Але i цяпер у iм адчувалася нейкая агiдная ўпартасць.