Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 50

Жан Поль Сартр

Гiгар горача павiншаваў Люсьена i прызнаўся, што Фанi яму крыху надакучыла.

- У яе сапраўды нейкi надта ўжо паганы характар. Учора зноў увесь вечар на мяне крыўдзiлася.

Яны пагадзiлiся на агульнай думцы: такiя жанчыны, вядома, патрэбны, бо, як бы там нi было, заставацца цнотнiкам да самага шлюбу нельга, - тым больш што бабы яны бескарыслiвыя i не хворыя, - але прывязвацца да iх было б памылкай. Гiгар з пяшчотай у голасе пачаў разважаць пра сапраўдных дзяўчат, i Люсьен спытаў, што новага ў яго сястры.

- Усё добра, стары, - сказаў Гiгар. - Але яна кажа, што ты здраднiк. Ведаеш, - дадаў ён крыху развязным тонам, - я не шкадую, што ў мяне сястра: ёсць рэчы, якiя iначай было б немагчыма ўявiць.

Люсьен выдатна разумеў. Пасля гэтай размовы яны часта яшчэ гаманiлi пра маладзенькiх дзяўчат i кожны раз адчувалi сябе паэтычна; Гiгар любiў прыводзiць словы аднаго свайго дзядзькi, якi карыстаўся вялiкiм поспехам у жанчын: "Можа быць, я не заўжды ўсё рабiў добра ў сваiм сабачым жыццi, але ёсць адна рэч, якую мне абавязкова залiча пан Бог: я хутчэй аддаў бы адсячы сабе рукi, чым дакрануўся б да нявiннай дзяўчыны". Яны пачалi зноў зрэдку сустракацца з сяброўкамi П'ерэты Гiгар. П'ерэта вельмi падабалася Люсьену, ён гаварыў з ёй трошкi насмешлiвым тонам, як старэйшы брат, i быў ёй вельмi ўдзячны, што яна не абрэзала свае доўгiя валасы. Многа часу цяпер у яго забiралi новыя палiтычныя абавязкi; кожную нядзелю ўранку ён хадзiў да царквы Нёйi i прадаваў перад ёй "Аксьён Франсэз". Больш за дзве гадзiны Люсьен прагульваўся сюды i туды з вельмi сур'ёзным тварам. Дзяўчаты, якiя выходзiлi па iмшы, падымалi часам на яго свае прыгожыя шчырыя вочы, i Люсьен адтаваў; ён адчуваў сябе чыстым i дужым i адказваў iм усмешкай. Хлопцам з банды ён заявiў, што паважае жанчын, i быў шчаслiвы сустрэць у iх разуменне, на якое так спадзяваўся. Зрэшты, амаль ва ўсiх у iх былi сёстры.

17 красавiка з нагоды П'ерэцiнага васемнаццацiгоддзя Гiгары наладзiлi скокi, i, вядома, Люсьен быў запрошаны таксама. Ён ужо вельмi здружыўся з П'ерэтай, якая называла яго "мой танцорчык", i падазраваў, што яна ў яго крыху закаханая. Панi Гiгар заклiкала дзеля скокаў пiянiстку, i вечар абяцаўся быць дужа вясёлы. Люсьен патанчыў колькi разоў з П'ерэтай i пайшоў да Гiгара, якi гаманiў з прыяцелямi ў палiльнi.