Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 48

Жан Поль Сартр

- Паскудныя французы!

- Паўтары, што ты сказаў, - халодным голасам спытаў Маршэсо.

Люсьен зразумеў, што зараз адбудзецца што-небудзь кепскае: Маршэсо не дапускаў жартаў, калi гаворка заходзiла пра Францыю.

- Паскудныя французы! - зноў прамовiў чужынец.

У той жа момант на яго абрушыўся жудасны ўдар. Мужык схiлiў галаву, рынуўся наперад i загарлаў:

- Паскудныя французы, буржуi паскудныя, каб вы падохлi ўсе, усе, усе! - i яшчэ цэлы паток розных нечуваных абраз, з такою нянавiсцю, якой Люсьен раней не мог сабе ўявiць.

Тады хлопцы страцiлi астатняе цярпенне i вымушаны былi ўзяцца за мужычка ўсёй талакой, каб задаць яму добрага дыхту. Праз пэўны час яны нарэшце яго пусцiлi: тып прывалiўся да сцяны i ледзь стаяў на нагах, ад удара кулаком у яго зацякло правае вока. Стамiўшыся бiць, хлопцы стаялi вакол i чакалi, калi ён упадзе. Але тып скрывiў рот i плюнуў.

- Паскудныя французы. - прамовiў ён.

- Ты што, хочаш яшчэ, - спытаў Дэсперо, цяжка пераводзячы дых.

Тып нiбы не пачуў: ён з выклiкам глядзеў на хлопцаў сваiм ацалелым вокам i паўтараў:

- Паскудныя французы, паскудныя французы!

На хвiлiну хлопцы завагалiся, i Люсьен зразумеў, што яны зараз адступяцца. I тады ў яго выйшла неяк само сабой: ён скочыў наперад i з усяе сiлы ўдарыў. Пад рукой нешта хрупнула, мужычок млява i здзiўлена зiрнуў на яго i прабалбатаў:

- Паскуды...

Але яго набрынялае ад удара вока раптам шырока расплюшчылася, агалiўшы чырвонае вiрла без зрэнкi, ён упаў на каленi i змоўк.

- Цякаем, - цiха крыкнуў Рэмi.

Яны кiнулiся бегчы i спынiлiся толькi на плошчы Сэн-Мiшэль: нiхто за iмi не гнаўся. Яны паправiлi гальштукi i прычасалi адзiн аднаго пяцярнёй.

За рэшту вечара хлопцы нi разу не згадалi пра тое, што адбылося, былi адзiн з адным надзвычай ветлiвыя i пакiнулi тую сарамлiвую рэзкасць, якою звычайна прыхоўвалi свае пачуццi. Яны гутарылi памiж сабою пачцiва, i Люсьен падумаў, што ўпершыню, вiдаць, бачыць iх такiмi, якiя яны ў сваiх сем'ях. Сам ён таксама адчуваў сябе ўзрушана: у яго зусiм не было звычкi бiцца пасярод вулiцы з рознымi там нягоднiкамi. I ён з пяшчотай падумаў пра Фанi i Мод.

Уначы сон доўга не iшоў да яго. "Я больш не магу ўдзельнiчаць у iх вылазках як аматар, - падумаў ён. - Цяпер, калi ўсё ўзважана i абдумана, я мушу падзялiць iх адказнасць". Паведамляючы гэтую добрую навiну Лемардану, ён адчуваў сябе важна i амаль набожна.

- Вырашана, - сказаў ён, - я з вамi.

Лемардан ляпнуў яго па плячы, i ўся банда адсвяткавала падзею, выпiўшы некалькi добрых бутэлек. Да iх зноў вярнуўся звычайны грубавата-вясёлы настрой, але пра ўчорашняе здарэнне яны не гаманiлi. I толькi перад тым як расстацца, Маршэсо нiбы мiж iншым сказаў Люсьену: