Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

Жан Поль Сартр

Неўзабаве ён навучыўся не паддавацца дыскусiям; Гiгар, якi быў усяго толькi рэспублiканец, засыпаў яго заўвагамi, i Люсьен спачатку яго ветлiва слухаў, але пасля - адключаўся. Гiгар усё гаварыў i гаварыў, а Люсьен ужо нават не глядзеў на яго: ён разгладжваў на штанах складку цi пазiраў на дзяўчат, забаўляючыся цыгарэтным дымком i выпускаючы з яго колцы. Праўда, ён усё роўна крыху яшчэ чуў Гiгаравы словы, але раптам яны страчвалi вагу i слiзгалi па iм, здаючыся нiкчэмнымi i пустымi. Нарэшце Гiгар, вельмi ўражаны, змаўкаў таксама.

Люсьен расказаў пра сваiх новых сяброў бацькам, i пан Флёр'е запытаўся, цi не збiраецца ён таксама пайсцi ў камелоты. Люсьен завагаўся i сур'ёзна сказаў:

- Мяне спакушае гэтая думка, яна сапраўды вельмi мяне спакушае.

- Люсьен, прашу цябе, не рабi гэтага, - пачала малiць мацi, - яны такiя неспакойныя, а няшчасцю нядоўга здарыцца. Цi ты хочаш, каб цябе аддубасiлi цi пасадзiлi ў турму?

Люсьен адказаў непакорнай усмешкай, i пан Флёр'е яго падтрымаў.

- Дарагая, дай яму вырашаць самому, - ласкава прамовiў ён, - няхай робiць, як сам думае; праз гэта таксама трэба прайсцi.

З гэтага дня, як здалося Люсьену, бацькi пачалi ставiцца да яго з пэўнай павагай. I ўсё-такi ён не рашаўся; апошнiя тыднi яго шмат чаму навучылi: ён перабiраў у памяцi лагодную бацькаву зацiкаўленасць, трывогi панi Флёр'е, з кожным днём усё большую пашану ў Гiгара, Лемарданаў напор, нецярплiвасць Рэмi i, кiваючы галавой, казаў сабе: "Гэта не жартачкi!" Ён меў доўгую размову з Лемарданам, i той выдатна зразумеў яго довады, пагадзiўшыся, што спяшацца не варта. У Люсьена яшчэ здаралiся прыступы нуды: часам, калi ён сядзеў на лаве ў кавярнi, у яго ўзнiкала ўражанне, што ён усяго толькi дрыготкая студзянiстая кашыца, i шумлiвая сумятня камелотаў здавалася яму абсурднай. Але ў iншыя моманты ён адчуваў сябе цвёрдым i важкiм, як камень, i быў амаль шчаслiвы.

У бандзе яму пачувалася ўсё лацвей i прывольней. I аднойчы ён праспяваў "Рэбекiна вяселле", якое пачуў на мiнулых канiкулах ад Эбрара. Хлопцы заявiлi, што гэта было вельмi пацешна. Тады, натхнiўшыся, Люсьен выдаў некалькi з'едлiвых заўваг у адрас жыдоў i сказаў пра Берлiяка, якi быў вялiкi жмiнда: