Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 45

Жан Поль Сартр

У студзенi ва ўнiверсiтэце было аб'яўлена ўрачыстае пасяджэнне, падчас якога мелася адбыцца пасвячэнне ў ступень ганаровага доктара навук двух шведскiх мiнералогаў.

- Пабачыш, якi сёння будзе вясёленькi гвалт, - сказаў Лемардан, перадаючы Люсьену запрашальную картку.

Галоўная канферэнц-зала была напакавана бiтком. I калi Люсьен убачыў, як з гукамi "Марсельезы" ў яе ўвайшлi прэзiдэнт рэспублiкi i рэктар, яго сэрца моцна забiлася i ён спалохаўся за сяброў. Але амаль у той жа момант некалькi юнакоў паўскоквалi з месцаў i пачалi крычаць. Люсьену было прыемна пазнаць сярод iх Рэмi: той быў чырвоны, як памiдор, i, адбiваючыся ад двух мужыкоў, якiя цягнулi яго за пiнжак, гарлаў: "Францыя для французаў!" Але асаблiва прыемна было назiраць за адным пажылым панам, якi з выглядам шкадлiвага дзiцяцi дзьмуў у маленькую дудку. "Як гэта здорава", - падумаў Люсьен. Ён да душы ўпiваўся гэтым незвычайным спалучэннем упартай сур'ёзнасцi i шумлiвай гарэзлiвасцi, што дазваляла маладым здавацца больш сталымi i надавала старэйшым гэткую хлапечую чартаўшчынку. Люсьен паспрабаваў таксама адпусцiць пару жартаў, i некалькi разоў у яго атрымалася вельмi ўдала. А калi ён крыкнуў пра Эрыо: "Калi гэты памрэ ў сваiм ложку - значыць, Бога болей няма!" - ён адчуў, як у iм запаляецца святая нянавiсць. Ён моцна сашчапiў зубы i пачуў сябе гэткiм жа ўпэўненым, гэткiм жа згуртаваным, гэткiм жа дужым, як Рэмi цi Дэсперо. "Лемардан мае рацыю, - падумаў ён, - гэта трэба выпрабаваць на сабе, толькi так".