Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

Жан Поль Сартр

Тым летам Люсьен не падаваў дакументаў на ўступны конкурс у Цэнтральную школу, i Флёр'е раней звычайнага вярнулiся ў Фероль. Люсьен быў вельмi рады зноў убачыць свой дом, знаёмыя сад i завод, зноў апынуцца ў гэтым цiхiм, маленькiм, ураўнаважаным горадзе: тут быў нiбыта зусiм iншы свет. Ён вырашыў уставаць рана, каб рабiць доўгiя прагулкi па наваколлi.

- Я хачу напоўнiць лёгкiя чыстым паветрам, - сказаў ён бацьку, - i назапасiць здароўя на будучы год, перад тым як ужо з усяе сiлы налегчы на вучобу.

Ён хадзiў з маткаю да Буфардзье i да Бэсаў, i ўсе казалi, што ён вельмi вырас i зрабiўся разважным i разумным хлопцам. На канiкулы ў Фероль прыехалi i Эбрар з Вiнкельманам, якiя вывучалi ў Парыжы права. Люсьен часта хадзiў з iмi гуляць, i яны ўспамiналi жарты, якiя падстройвалi абату Жакмару, прыгадвалi вясёлыя паездкi на роварах i ў тры галасы спявалi "Мецскага артылерыста". Люсьену вельмi падабалiся шчырая адкрытасць i надзейнасць сваiх старых прыяцеляў, i ён папракаў сябе, што раней недаацэньваў iх. Ён прызнаўся Эбрару, што зусiм не ўпадабаў Парыжа, але той не мог яго зразумець: бацькi прыстройвалi яго на выхаванне да аднаго абата, дзе за iм быў вельмi добры дагляд; яшчэ i цяпер ён быў пад уражаннем ад сваiх паходаў у Луўр i таго вечара, што правёў у Оперы. Люсьена замiлоўвала такая прастата: побач з Эбрарам i Вiнкельманам ён адчуваў сябе як старэйшы брат i нават пачаў падумваць, што не шкадуе таго неспакойнага жыцця, якое, прынамсi, дазволiла яму выйграць у вопыце. Ён расказаў прыяцелям пра Фрэйда i псiхааналiз i з усмешкай глядзеў, як iх гэта шакавала. Сябры кiнулiся злосна крытыкаваць тэорыю комплексаў, але ўсе iх заўвагi былi наiўныя, i Люсьен лёгка гэта iм паказаў. А потым дадаў, што, гледзячы з фiласофскага пункту погляду, аблуды Фрэйда могуць быць выкрытыя сапраўды вельмi проста. Сябры былi зачараваны Люсьенам, але ён зрабiў выгляд, што не заўважае гэтага.

Пан Флёр'е растлумачыў Люсьену механiку заводскай вытворчасцi. Ён вадзiў яго ў цэнтральныя карпусы, i Люсьен доўга назiраў, як працуюць рабочыя.

- Калi я памру, - сказаў пан Флёр'е, - табе трэба будзе ўжо назаўтра быць здольным узяць на сябе ўсё заводскае кiраўнiцтва.