Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 32

Жан Поль Сартр

Люсьен пачаў ужо быў супакойвацца, калi раптам зноў прыгадаў пра Бержэра: у гэты самы час ён быў недзе ў гэтым самым горадзе, ён хадзiў па Парыжы, зачараваны сабой, i цешыўся ўспамiнамi. "Ён ведае маё цела, ведае, якi ў мяне рот, ён сказаў тады: "У цябе такi асаблiвы пах, я яго не забуду". Ён пойдзе хвалiцца сябрам i скажа: "Я яго меў", - нiбыта я нейкая дзеўка. Можа, якраз цяпер ён расказвае пра гэтыя ночы... - сэрца ў Люсьена знямела, - Берлiяку! Я заб'ю яго, калi толькi ён гэтае зробiць: Берлiяк не церпiць мяне, ён раскажа ўсяму класу, i тады мне капцы, нiхто не захоча са мной вiтацца... Я скажу, што гэта няпраўда, - разгублена падумаў Люсьен, - я падам скаргу, я скажу, што ён мяне згвалцiў!" Ён ненавiдзеў Бержэра ўсёю душой: каб не ён, каб не гэты гнюсны i непапраўны характар, усё магло б уладзiцца, нiхто б нiчога не зведаў i Люсьен сам бы нарэшце забыў. "О, каб ён раптам памёр! Божа, мiлы, прашу вас, зрабiце, каб ён памёр сёння ноччу i не паспеў нiкому сказаць. Божа, зрабiце, каб гэтая гiсторыя была пахаваная, вы ж не можаце хацець, каб я быў педэраст! Выходзiць, я цяпер такi ад яго залежу! - са злосцю падумаў Люсьен. - I мне давядзецца-такi зноў хадзiць да яго i рабiць, што ён захоча, i казаць, што мне гэта прыемна... Iначай мне канец!" Ён ступiў яшчэ колькi крокаў i дадаў на ўсякi выпадак: "Божа, зрабiце, каб Берлiяк памёр таксама".