Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 31

Жан Поль Сартр

Бацькi сустрэлi сына з вялiкаю радасцю, i мацi спыталася:

- Ты, прынамсi, падзякаваў пану Бержэру?

Люсьен крыху пагаманiў з бацькамi пра нармандскiя мясцiны i вёскi i рана лёг спаць. Усю ноч ён праспаў як нявiннае немаўлятка, але назаўтра, прачнуўшыся ранiцай, адчуў, што ўсярэдзiне яго ўсяго нiбыта трасе. Ён устаў i доўга разглядаў сябе ў люстра. "Я педэраст", - нарэшце падумаў ён. I на яго навалiлася пачуццё няўцешнай прыгнечанасцi.

- Люсьен, уставай, - крыкнула праз дзверы мацi, - табе сёння ў лiцэй.

- Устаю, мама, - паслухмяна прамовiў Люсьен, але зноў лёг у ложак i пачаў разглядаць на нагах пальцы.

"Гэта несправядлiва, я ж нiчога не падазраваў, у мяне не было нiякага вопыту". Вось гэтыя пальцы, якiя, адзiн за адным, ссаў мужчына. Люсьен рэзка павярнуў галаву. "А ён ведаў. Ведаў, што тое, чым ён са мною займаецца, мае iмя i што яно называецца - спаць з мужчынам, - ён усё гэта ведаў. Смешна, Люсьен горка ўсмiхнуўся, - можна цэлымi днямi пытацца ў сябе, цi ты разумны, цi ты задзiраеш нос, але так нiколi нiчога не вырашыць. I побач з гэтым ёсць ярлыкi, якiя прылiпаюць да вас адразу, i потым вы вымушаны насiць iх усё жыццё; ну, напрыклад: Люсьен - высокi i бялявы, ён падобны да свайго бацькi, ён адзiны сын у сям'i i, з учарашняга дня, - педэраст. I пра яго будуць казаць: "Ну, Флёр'е, ды вы яго ведаеце: высокi такi, бялявы, што кахаецца з мужчынамi". А людзi будуць адказваць: "А, гэты! Такi высачэзны, падобны да бабы бамбiза? Ну вядома, што ведаем".

Ён апрануўся i выйшаў, але iсцi ў лiцэй душа ў яго не ляжала. Ён спусцiўся па авеню Ламбаль да Сены i пайшоў па набярэжных. Неба было чыстае, на вулiцах пахла маладымi лiсточкамi, асфальтам i ангельскiм тытунём. Доўгачаканы час надзець новую вопратку на чыстае цела з абноўленаю душой. Усе вакол выглядалi паважна, добрапрыстойна, i толькi Люсьен адчуваў сябе недарэчным i лiшнiм у гэтай вясенняй гармонii. "Я стаю на фатальным схiле, - падумалася яму. Спачатку быў Эдыпаў комплекс, потым садысцка-анальная стадыя, i вось цяпер поўны букет: я - педэраст. Дзе ж мне наканавана спынiцца?" Праўда, выпадак у яго быў яшчэ не сама страшны: не было ж яму так ужо прыемна ад Бержэравых ласак. "А што, калi я прызвычаюся? - з трывогай падумаў ён. - Тады я не здолею без гэтага абысцiся, гэта будзе як морфiй!" Ён абернецца ў разбэшчанага тыпа, яго нiхто не захоча прымаць у сваiм доме, i бацькавы рабочыя будуць толькi смяяцца, калi ён паспрабуе iм загадаць. Люсьен з жывой заклапочанасцю ўявiў свой жудасны лёс. Ён убачыў сябе ў трыццаць пяць год: ён быў манерны i нафарбаваны, i нейкi пан з ордэнам Ганаровага легiёна гнеўна заносiў над iм свой кiй: "Ваша прысутнасць тут, пане, знявага маiм дочкам!" Але раптам Люсьен як спатыкнуўся i разам скончыў гуляць: яму прыгадалася фраза, якую прамовiў Бержэр. Гэта было ў Кадбэку. "Ну, глядзi ты, - сказаў ён, - ды табе ўжо пачынае падабацца!" Што ён хацеў гэтым сказаць? Натуральна, Люсьен быў не жалезны, а калi цябе яшчэ так валтузяць... "Нiчога гэта не значыць", усхвалявана падумаў ён. Але кажуць, гэтыя людзi надзiва дакладна вызначаюць да сябе падобных - у iх гэта як нейкае шостае пачуццё. Люсьен доўга глядзеў на вулiчнага рэгулiроўшчыка, якi кiраваў рухам перад Йенскiм мостам. "Хiба гэты рэгулiроўшчык мог бы мяне ўзбудзiць?" Ён зiрнуў на сiнiя рэгулiроўшчыкавы штаны i ўявiў яго мускулiстыя валасатыя ногi. "Хiба гэта мяне кранае?" З вялiкай палёгкай ён рушыў далей. "Не, усё яшчэ не так страшна, - падумаў ён, я магу яшчэ ўратавацца. Ён проста скарыстаўся маёй збянтэжанасцю, але я не сапраўдны педэраст". Ён паўтараў свой вопыт з кожным мужчынам, якi трапляўся насустрач, i вынiк кожны раз выходзiў адмоўны. "Фу! - падумаў Люсьен. - А я ўжо з гарачкi перапалохаўся!" Гэта было ўсяго папярэджанне, i толькi. Проста паўтараць падобнае нельга нi ў якiм разе, iначай - кепскiя звычкi прылiпаюць занадта хутка. Галоўнае цяпер - як мага хутчэй пазбавiцца ад усiх сваiх комплексаў. Ён вырашыў, нiчога не паведамляючы бацькам, схадзiць на прыём да спецыялiста па псiхааналiзе. А потым ён завядзе каханку i зробiцца нармальным хлопцам, такiм, як i ўсе.