Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

Франсуа Мориак

- Толькi што я збiралася адказаць вам: "Я не ведаю, чаму так зрабiла", але цяпер, уявiце сабе, я, здаецца, ведаю гэта. Магчыма, я зрабiла гэта дзеля таго, каб убачыць у вашых вачах трывогу, сумненнi, разгубленасць - тое, што я ўжо цэлую хвiлiну бачу ў iх.

Ён прабурчаў сярдзiтым тонам, якi нагадаў Тэрэзе iх вясельнае падарожжа:

- Дасцiпнасць - ваш канёк... Нават i цяпер... А калi сур'ёзна?

Яна перастала ўсмiхацца i замест таго, каб адказаць, спыталася:

- А вы, Бернар, вы заўсёды ведаеце, чаму вы робiце так, а не iнакш?

- Вядома... Ва ўсякiм разе мне так здаецца.

- Мне так хацелася, каб нiчога, нiводная дробязь не засталася схаванай ад вас... Калi б вы толькi ведалi, якiя пакуты мне давялося перажыць, каб самой ва ўсiм разабрацца... I я дайшла да гэтых прычын, але варта было паспрабаваць перадаць iх словамi, як яны здалiся мне фальшывымi, iлжывымi...

Бернар ужо трацiў цярпенне:

- Але ж быў дзень, калi вы надумалiся... Калi вы зрабiлi першы крок?

- Гэта было тады, калi быў вялiкi пажар каля Мано.

Яны падсунулiся адно да аднаго блiжэй i загаварылi напаўголаса. У гэтым тлумным шматлюдным горадзе пад яснымi промнямi сонца i подыхам лёгкага ветрыку, што калыхаў чырвоныя шторы i прыносiў з сабою водар заморскага тытуню, Тэрэзе было нiякавата гаварыць пра той спякотны дзень, пра чорны дым, якi засланiў сонца i блакiт неба, пра ўедлiвы пах гару i пра сваё здранцвелае сэрца, дзе ўжо выспявала злачынства...

- Вось як гэта было. Мы сядзелi ў сталовай. Як заўсёды, у гарачыя днi аканiцы былi зачыненыя i там было цемнавата. Вы гаварылi з Бальёнам, павярнуўшы да яго галаву, i забылiся палiчыць кроплi, што падалi ў шклянку...

Тэрэза не глядзела на мужа, гаварыла i баялася толькi аднаго: не забыцца нiводнай дробязi. I раптам пачула, што ён смяецца. Яна зiрнула на яго: ён смяяўся сваiм звычайным дурным смехам, а потым прамовiў: "Ну, вы зусiм... За каго вы мяне лiчыце?" Ён не паверыў ёй (i сапраўды, хiба можна было паверыць у тое, што яна гаварыла?). Ён усё з'едлiва хiхiкаў, i яна пазнавала сапраўднага Бернара - самаўпэўненага, самазадаволенага, якi не дасць абвесцi сябе вакол пальца. Ён зноў стаў самiм сабою, i Тэрэза разгубiлася. Ён здзекаваўся:

- Такiм чынам, думка пра забойства вас ахапiла нечакана, так сказаць, па волi божай?

Як жа ён цяпер дакараў сябе, што надумаўся распытвацца пра ўсё гэта! Ён жа мог страцiць сваю прывiлею мучыць гэтую вар'ятку нямой пагардай! I яна ўжо ўзнiмае галаву, каб на яе чорт! I навошта ён паддаўся гэтаму раптоўнаму жаданню зразумець? Як быццам штосьцi зразумееш у гэтай вар'яткi. Але вось ляпнуў, не падумаўшы...

- Паслухайце, Бернар, я зусiм не збiраюся пераконваць вас у маёй бязвiннасцi!

I з нейкай утрапёнасцю яна ўзялася абвiнавачваць сябе: няхай яна рабiла гэта, як у сне, няхай! Але ж перад гэтым спатрэбiлiся месяцы, каб яна ўсiм сваiм сэрцам прыняла думку пра злачынства, песцiла i выношвала свой чорны намер. А калi першы крок быў ужо зроблены, з якой свядомай лютасцю, з якой неймавернай упартасцю, з якой лагiчнай паслядоўнасцю iшла яна да канчатковай мэты!